У Кангрэсе ЗША пройдуць слуханьні аб перамяшчэньні ў Беларусь украінскіх дзяцей

Ілюстрацыйнае фота. Мядзьведзік з плякатам «Вярніце скрадзеных дзяцей дахаты» каля штаб-кватэры ААН у гадавіну ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, 23 лютага 2023 году

У Кангрэсе ЗША 5 сьнежня пройдуць слуханьні аб саўдзеле Беларусі ў прымусовым перамяшчэньні і перавыхаваньні ўкраінскіх дзяцей, паведаміла Камісія ЗША па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (Хэльсынская камісія).

Акрамя гэтага, падчас слуханьняў абмяркуюць вайсковае супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй и ўхіленьне абедзьвюх дзяржаў ад санкцыяў.

Паведамляецца, што ў якасьці сьведкі па заяўленых тэмах на слуханьнях выступяць прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Мацьвей Купрэйчык, кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс і экспэрт у прававых пытаньнях Рэгіянальнага цэнтру па правах чалавека Кацярына Рашэўская.

  • Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь вывезьлі сама меней 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны (паводле ацэнкі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» — ня менш за 3,5 тысячы).
  • Праваабаронцы вызначылі 18 беларускіх інстытуцый, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
  • Паводле справаздач праваабаронцаў і расьсьледаваньня Свабоды, дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць у духу любові да Расеі і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі па выкараненьні ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
  • «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» зьбірае зьвесткі пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з «ДНР» і «ЛНР» у Беларусь. У 2023 годзе НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, у якіх расказваецца пра ролю Беларусі ў гэтым.
  • Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
  • Нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
  • ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
  • Па стане на канец кастрычніка 2024 году дэпартаванымі або вымушана перамешчанымі, паводле зьвестак украінскіх уладаў, лічацца 19 546 дзяцей. Больш за 1700 дзяцей лічацца зьніклымі бязь вестак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбар бяз выбару. Як украінскія дзеці трапляюць у Беларусь на «адпачынак» і чым тут займаюцца