Сустаршынямі стратэгічнага дыялёгу выступілі намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Крыстафэр У. Сьміт і дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. У пасяджэньнях узялі ўдзел прадстаўнікі шматлікіх урадавых устаноў ЗША разам з шырокім колам беларускіх дэмакратычных лідэраў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.
Па выніках дыялёгу амбасада ЗША ў Беларусі апублікавала інфармацыйнае паведамленьне для прэсы.
У паведамленьні гаворыцца, што падчас Стратэгічнага дыялёгу
«ўдзельнікі абмеркавалі жахлівыя парушэньні правоў чалавека з боку рэжыму ў дачыненьні да беларусаў. Злучаныя Штаты працягваюць заклікаць да безумоўнага вызваленьня каля 1300 палітычных зьняволеных, якія знаходзяцца за кратамі па ўсёй Беларусі за рэалізацыю свайго права на свабоду выказваньня меркаваньняў або свабоду сходаў, і будуць садзейнічаць прыцягненьню рэжыму да адказнасьці за парушэньні правоў чалавека».
Злучаныя Штаты таксама нагадалі пра свае праграмы для пашырэньня і захаваньня нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці беларусаў, у тым ліку мовы, літаратуры, мастацтва і гісторыі.
Ключавой тэмай абмеркаваньня сталі выбары прэзыдэнта, прызначаныя на 26 студзеня 2025 году. Падчас абмеркаваньняў было адзначана, што
«Лукашэнка спрыяе стварэньню атмасфэры страху, пры якой ніякія выбарчыя працэсы нельга назваць дэмакратычнымі, а парушэньні рэжымам правоў чалавека фактычна замарозілі сапраўдную палітычную дзейнасьць і дыскусіі ўнутры Беларусі». Таму ЗША заклікалі рэжым у Менску «правесьці свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным назіраньнем».
Удзельнікі Стратэгічнага дыялёгу таксама абмеркавалі ўплыў рэжыму Лукашэнкі на рэгіянальную бясьпеку і назвалі яго «дэстабілізацыйным».
Паводле амэрыканскай амбасады, ЗША падтрымліваюць імкненьне беларускага народу да сувэрэннай, дэмакратычнай будучыні і «вітаюць дзясяткі тысяч мужных беларусаў, якія рызыкавалі і працягваюць рызыкаваць многім дзеля дасягненьня сваёй свабоды».
Таксама па выніках дыялёгу амбасада ЗША ў Менску апублікавала інфармацыйную даведку «Падтрымка дэмакратыі ў Беларусі з боку ЗША»
У ёй, у прыватнасьці, гаворыцца, што ад жніўня 2020 году ў падтрымку беларускага народу і грамадзянскай супольнасьці Злучаныя Штаты:
«У 2023 годзе ініцыявалі Стратэгічны дыялёг паміж ЗША і беларускім дэмакратычным рухам.
Агулам выдзелілі больш за 140 мільёнаў даляраў ЗША ў выглядзе дапамогі. Злучаныя Штаты таксама выдзелілі 1,5 мільёна даляраў для падтрымкі расьсьледаваньняў і падрыхтоўкі спраў з выкарыстаньнем перадавой міжнароднай практыкі і ў адпаведнасьці з падыходам, арыентаваным на пацярпелых. Больш за 1,1 мільёна даляраў было выдзелена ў выглядзе грантаў публічнай дыпляматыі для падтрымкі разнастайных ініцыятываў — ад захаваньня беларускай культуры і ідэнтычнасьці і навучаньня ангельскай мове мэдычных працаўнікоў да дапамогі жанчынам-прадпрымальніцам у разьвіцьці бізнэсу.
Прынялі ў ЗША па праграмах адукацыйнага і прафэсійнага абмену 118 беларусаў.
У 2024 годзе адкрылі асобны офіс Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) для беларускай праграмы ў Вільні (Літва). USAID супрацоўнічае зь беларусамі на працягу 20 гадоў, і новы офіс зьяўляецца сьведчаньнем таго, што партнэрства будзе працягвацца, бо беларусы імкнуцца да сувэрэннай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны.
Увялі санкцыі ў дачыненьні да соцень беларускіх фізычных і юрыдычных асобаў у рамках шырэйшых намаганьняў прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за злоўжываньні як у Беларусі, так і за мяжой. Мэтавыя санкцыі накіраваныя на тых, хто пад кіраўніцтвам Лукашэнкі зьдзяйсьняў рэпрэсіі супраць беларусаў. Акрамя таго, нашы адрасныя санкцыі ахопліваюць сэктары, якія забясьпечваюць прыбытак для рэжыму, такія як продаж калійных угнаеньняў і вайскова-прамысловы комплекс, а таксама тычацца фінансаў Лукашэнкі і ягонага блізкага атачэньня. Гэта ўзмацняе ціск на рэжым, прымушаючы яго перагледзець свае рэпрэсіўныя дзеяньні.
Увялі дадатковы мэханізм візавай праверкі для прадухіленьня ўезду ў Злучаныя Штаты чыноўнікаў, зьвязаных з рэжымам, і асобаў пад санкцыямі».
Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.