Расейскі карабель абстраляў нямецкі верталёт у Балтыйскім моры

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Падводны тэлекамунікацыйны кабэль C-Lion1, які раней быў пашкоджаны ў Балтыйскім моры

Верталёт Бундэсвэра быў абстраляны ў Балтыйскім моры з расейскага судна. Пра гэта коратка расказала міністарка замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак на палях сустрэчы краін NATO ў Брусэлі. Стралялі сыгнальнымі ракетамі, шкоды верталёту не нанесьлі.

Як паведамляе Deutsche Welle, верталёт выконваў выведную місію. Бэрбак не ўдакладніла, які быў тып судна, зь якога стралялі. Газэта Berliner Zeitung сьцьвярджае, што гэта быў цывільны танкер. Нямецкае агенцтва DPA адзначыла, што ўжываньне сыгнальных ракет для абстрэлу дапушчальнае толькі ў надзвычайных сытуацыях.

Міністарка замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак адзначыла, што ў Балтыйскім моры заўсёды ёсьць караблі, якія перавозяць з Расеі грузы, якія падлягаюць санкцыям Эўразьвязу, і заявіла, што Нямеччына павінна ўзмацніць патруляваньне ў рэгіёне для абароны крытычнай інфраструктуры ад гібрыдных атак з боку Расеі і яе прыхільнікаў.

У якасьці прыкладу такіх нападаў міністарка прывяла пашкоджаньне кабэляў сувязі ў Балтыйскім моры ў сярэдзіне лістапада і інцыдэнты з глушэньнем сыстэмы GPS у рэгіёне, празь якія маюць цяжкасьці вайсковыя і цывільныя самалёты.

У канцы верасьня 2022 году былі пашкоджаныя тры з чатырох нітак газаправодаў «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2» у Балтыйскім моры. Магістраль не падлягае аднаўленьню. Расьсьледаваньні Швэцыі, Даніі і Нямеччыны паказалі, што газаправоды былі ўзарваныя, але вінаватых яшчэ ўстанаўліваюць. Расея ў расьсьледаваньні ня ўдзельнічае. Масква ўскладае адказнасьць за тое, што здарылася, на ЗША і іх саюзьнікаў. Тыя сваё дачыненьне адмаўляюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВМС Даніі затрымалі кітайскі сухагруз, які падазраюць у пашкоджаньні кабэляў у Балтыйскім моры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя кажа пра сталыя перашкоды ў сыгналах спадарожнікавай навігацыі ў Балтыйскім моры і абвінавачвае ў іх Расею
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея гасіць сыгналы GPS у раёне Балтыкі. Сытуацыя неспакойная». Эстонія, Латвія і Літва выступілі з супольнай заявай