Выкладчыка вайсковага факультэту БрДУ Пазьнякова асудзілі на 19 гадоў калёніі за «здраду дзяржаве»

Дзьмітры Пазьнякоў. Скрыншот зь фільма «Беларусь-1»

Дзьмітры Пазьнякоў. Скрыншот зь фільма «Беларусь-1»

Берасьцейскі абласны суд асудзіў выкладчыка вайсковага факультэта Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Дзьмітрыя Пазьнякова да 19 гадоў калёніі паводле артыкулу «здрада дзяржаве» (арт. 356 КК).

Вырак Дзьмітрыю Пазьнякову, які вынесьлі яшчэ 23 лістапада 2023 году, стаў вядомы з прапагандысцкага фільму дзяржаўнага тэлеканала Беларусь-1 пад назвай «Спэцслужбы Польшчы вэрбуюць беларусаў», якія паказалі ў эфіры 3 сьнежня.

Як сьцьвярджаецца ў сюжэце, Пазьнякова завэрбавалі пры чарговай паездцы ў Польшчу. Польскім спэцслужбам ён нібыта перадаваў інфармацыю пра сваю працу, супрацоўнікаў Берасьцейскай вайсковай камэндатуры і інш. Згодна зь сюжэтам, за працу на польскія спэцслужбы Пазьнякоў нібыта атрымаў каля 60 тысяч даляраў.

Дзьмітры Анатольевіч Пазьнякоў — грамадзянін Беларусі, ураджэнец Узбэкістана. Большую частку жыцьця ён прапрацаваў на Берасьцейшчыне. Служыў камандзірам узводу дывізіёна СПА ў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, пасьля працаваў намесьнікам вайсковага камэнданта у Берасьцейскай вайсковай камэндатуры, а таксама выкладаў на вайсковым факультэце БрДУ. Ёсьць нават падручнік, які ён напісаў у суаўтарстве ў 2020 годзе.

Праваабаронцы раней прызналі Пазьнякова палітвязьнем. Яны паведамлялі пра яго затрыманьне 9 жніўня 2023 году і суд над ім, але вырак дагэтуль быў не вядомы.

Пазьнякоў адбывае тэрмін у папраўчай калёніі № 1. Вядома, што адміністрацыя калёніі адпраўляла Дзьмітрыя ў памяшканьне камэрнага тыпу. Апроч гэтага, паводле зьвестак «Вясны», яго катуюць у калёніі з ужываньнем электрашокера, прымушаюць падпісваць дакумэнты і пустыя аркушы.

Дома Дзьмітрыя чакаюць жонка і двое дзяцей.

Як расказалі ў прапагандысцкім сюжэце, разам з Пазьняковым на 14 гадоў калёніі асудзілі грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу. Праваабаронцы дазналіся аб прысудзе ў ліпені 2024 году. Тады паведамлялі, што прысуд быў вынесены 14 чэрвеня 2023 году, справу ў закрытым рэжыме разглядаў Сяргей Беразюк. Томаша Бярозу прызналі вінаватым у «агентурнай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 358-1 КК) і «шпіянажы» (арт. 358 КК). Цяпер ён адбывае свой тэрмін у папраўчай калёніі № 22 у Івацэвічах, яго таксама прызналі палітвязьнем.

Таксама ў сюжэце паказалі грамадзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага. Як паведамлялі раней праваабаронцы, яго затрымалі 25 сакавіка 2022 году і абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасьці». 22 сакавіка 2023 году Жывалеўскага асудзілі на 4 гады калёніі, працэс праходзіў у закрытым рэжыме ў Горадзенскім абласным судзе. Праваабаронцы прызналі паляка палітвязьнем.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны перасьлед іншаземцаў за «агентурную дзейнасьць» у Беларусі пачасьціўся. Пад яго ўжо падпалі грамадзяне Ўкраіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Японіі, Нямеччыны. За «агентурную дзейнасьць» у Беларусі на асудзілі ўжо сама меней 19 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 16 іншаземных шпіёнаў за два гады. Як і каго ў Беларусі абвінавачвалі ў агентурнай дзейнасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўжо 19 іншаземцаў асудзілі за «агентурную дзейнасьць». Хто гэтыя людзі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцы, журналісты і культурніцкі мэнэджар. Адкуль у Беларусі столькі «здраднікаў дзяржавы»