У Беларусі абмежавалі цэны на платны прыём у лекараў

Менская абласная клінічная лякарня. Ілюстрацыйнае архіўнае фота

«Столь» на такія паслугі пачне дзейнічаць з 1 лютага 2025 году.

Максымальныя цэны будуць прывязаныя да кваліфікацыі спэцыяліста і складуць за першы прыём ад 35 да 57 рублёў, сьведчыць дакумэнт на Нацыянальным прававым партале.

Пры гэтым такія нормы не распаўсюджваюцца на паслугі стаматолягаў. Іх тарыфы рэгулюе асобны дакумэнт.

Найдаражэйшы прыём — 57 рублёў — будзе ў лекара са ступеньню акадэміка НАН.

Паўторны прыём у лекараў другой, першай, найвышэйшай катэгорый будзе каштаваць ня больш за 21–25 рублёў. А максымальны тарыф — 32 рублі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заменьнік лекара ў Тэлеграме. Гарадзенцы запусьцілі бот для лекавай фізкультуры

Вышэй за ўсё будуць цэны на кансультацыі лекараў-спэцыялістаў. У лекараў другой, першай, найвышэйшай катэгорый яны ўстаноўлены ў межах 42-49 рублёў. А, напрыклад, у кандыдата мэдыцынскіх навук — 65 рублёў, у акадэміка — 85 рублёў.

Раней у Беларусі абмежавалі рэнтабэльнасьць некаторых платных мэдычных паслуг у памеры 30% да плянавага сабекошту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зь першай катэгорыяй і вышэй». Да лекараў прыватных мэдцэнтраў у Беларусі павысяць патрабаваньні