Парлямэнт самаабвешчанай Абхазіі не ратыфікаваў пагадненьня з Расеяй, празь якое пачаўся палітычны крызіс

Пасяджэньне парлямэнту Абхазіі

Большасьць краінаў сьвету прызнаюць Абхазію аўтаномнай рэспублікай у складзе Грузіі, але грузінскія ўлады не кантралююць Абхазіі.

Парлямэнт сэпаратысцкай Абхазіі на сваім пазачарговым пасяджэньні, якое склікалі на патрабаваньне 19 дэпутатаў, ня змог ратыфікаваць інвэстыцыйнае пагадненьне з Расеяй, празь якое пачаўся палітычны крызіс і ў адстаўку пайшоў кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Аслан Бжанія.

Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», на сэсіі прысутнічалі 23 дэпутаты, 12 не зьявіліся. Большасьцю галасоў ратыфікацыю інвэстыцыйнага пагадненьня адхілілі, два дэпутаты пры галасаваньні ўтрымаліся, супраць не прагаласаваў ніхто.

Пагадненьне з Расеяй падпісалі 30 кастрычніка ў Маскве, а 15 лістапада парлямэнт мусіў яго ратыфікаваць. У адпаведнасьці з гэтым пагадненьнем расейскія буйныя інвэстары маглі атрымаць ільготы, у тым ліку вызваленьне ад выплаты падаткаў на маёмасьць і прыбытак, на працягу 8 гадоў пасьля ўводу ў эксплюатацыю аб’ектаў капітальнага будаўніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сухумі прыхільнікі апазыцыі дэмантуюць агароджу вакол будынку адміністрацыі прэзыдэнта

У апазыцыі заявілі, што гэтае пагадненьне падрывае «сувэрэнітэт Абхазіі», і вывелі сваіх прыхільнікаў на акцыі пратэсту. Акцыі працягваліся з 12 да 19 лістапада, калі пад ціскам пратэстоўцаў у адстаўку падаў прэзыдэнт самаабвешчанай Абхазіі Аслан Бжанія, сваю пасаду пакінуў і кіраўнік ураду Аляксандар Анкваб.

Кіраўнікі Абхазіі двойчы пакідалі пасады пасьля пратэстаў апазыцыі: 1 чэрвеня 2014 году пайшоў у адстаўку Аляксандар Анкваб. Канфлікт тады быў справакаваны выдачай абхаскіх пашпартоў жыхарам грузінскай нацыянальнасьці ва ўсходніх раёнах рэспублікі.

12 студзеня 2020 году ў адстаўку пайшоў Рауль Хаджымба — пасьля таго, як абхаскі Вярхоўны суд скасаваў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2019 году. Тады Аслан Бжанія ня змог узяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах па стане здароўя (ён і яго прыхільнікі лічаць, што Бжанія атруцілі). Аднак на выбарах у сакавіку 2020 году ён выйграў і набраў 56,50% галасоў. Яго сапернік Адгур Ардзынба атрымаў 35,42% галасоў падтрымкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт самаабвешчанай Абхазіі падаў у адстаўку. Пратэстоўцы сустрэлі гэта воплескамі
  • Абхазія (за савецкім часам — аўтаномная рэспубліка ў складзе Грузіі) абвясьціла незалежнасьць пасьля вайны з Грузіяй у 1993 годзе. Тады незалежнасьць Абхазіі не прызналі ні Грузія, ні іншыя дзяржавы сьвету.
  • У 2008 годзе пасьля пяцідзённай расейска-грузінскай вайны незалежнасьць рэгіёну прызнала Расея і яшчэ чатыры дзяржавы: Вэнэсуэла, Науру, Нікарагуа і Сырыя.
  • Грузія лічыць сэпаратысцкія Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае Расею ў парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны, а сам факт прызнаньня незалежнасьці — часткай анэксіі Абхазіі, рэгіёну, які ААН прызнае часткай Грузіі.