Фігурантаў справы «Імагуру» Тацяну Марыніч і Анастасію Хамянкову судзілі завочна, а Яўген Пугач утрымліваецца пад вартай зь ліпеня 2023 году.
Марыніч завочна асудзілі на 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама прысудзілі штраф у памеры 7 тысяч базавых велічынь (280 тысяч рублёў). Анастасію Хамянкову завочна асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і такі ж штраф (280 тысяч рублёў).
Абедзьвюх асуджаных таксама пазбавілі права 5 гадоў займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых работ.
Яўгену Пугачу прысудзілі 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф ў памеры 500 базавых велічынь (20 тысяч рублёў). Яго таксама пазбавілі права 5 гадоў займаць пасады, якія зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых работ. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 361 («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бястпецы Рэспублікі Беларусь») і арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў») Крымінальнага кодэксу.
За што судзілі «Імагуру»?
Паводле сьледзтва, акрамя іншага, Марыніч і Хамянкова маюць дачыненьне да «ўчыненьня шэрагу злачынстваў так званай экстрэмісцкай накіраванасьці». Яны нібыта «стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фармаваньнем, на інтэрнэт-рэсурсах якога разьмяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы, накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020 годзе».
Паводле якіх артыкулаў разглядалі справу?
Крымінальную справу супраць Тацяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай, а таксама Яўгена Пугача разглядалі паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У тым ліку паводле ч. 1 арт. 357 («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады») Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Любоў Сімахіна.
Марыніч і Хамянковай ставілася ў віну 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- «Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (ч. 1 арт. 357 КК);
- «Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК);
- «Ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў» (ч. 2 арт. 243 КК);
- «Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» (ч. 2 арт. 424 КК);
- «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК)
- «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361-4 КК);
- «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці або звады» (ч. 3 арт. 130 КК);
- «Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу» (ч. 2 арт. 361-3 КК);
- «Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361-2 КК);
- «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім» (ч. 2 і 3 арт. 361-1 КК).