«Мы перакананыя, што адзінай такой гарантыяй бясьпекі для Ўкраіны, а таксама фактарам стрымліваньня для далейшай агрэсіі Расеі супраць Украіны і іншых дзяржаў, зьяўляецца паўнапраўнае сяброўства Ўкраіны ў NATO. Маючы за плячыма горкі досьвед Будапэшцкага мэмарундуму, мы не пагодзімся ні на якія альтэрнатывы, сурагаты ці замены паўнапраўнага сяброўства Ўкраіны ў NATO», — адзначаецца ў заяве МЗС з нагоды 30-годзьдзя падпісаньня Будапэшцкага мэмарандуму.
У МЗС Украіны перакананыя, што запрашэньне краіны ў NATO можа стаць эфэктыўным супрацьдзеяньнем расейскаму шантажу і пазбавіць Крэмль ілюзій аб магчымасьці перашкодзіць эўраатлянтычнай інтэграцыі Ўкраіны.
«Гэта таксама адзіны шанц спыніць эрозію ключавых прынцыпаў ядзернага нераспаўсюджваньня ды аднавіць давер да ядзернага раззбраеньня», — перакананыя ў Кіеве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Нямеччыны не зьмяніў пазыцыю адносна прыёму Ўкраіны ў NATO. Апазыцыя рэзка крытыкуе ягоны візыт у КіеўБудапэшцкі мэмарандум
Сёлета 5 сьнежня споўніцца 30 гадоў з часу падпісаньня Будапэшцкага мэмарандуму. Ад імя Беларусі яго ў 1994 годзе падпісаў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
Поўны назоў дакумэнту — «Мэмарандум аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Украіны да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі». Ініцыяваны ён быў Украінай, таму ў назове пазначаная толькі гэта дзяржава.
Згодна з мэмарандумам, ЗША, Вялікая Брытанія і Расея абавязваліся паважаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і існыя межы Ўкраіны, устрымлівацца ад пагрозаў або прымяненьня сілы і эканамічнага ціску, дамагацца неадкладных дзеяньняў Рады Бясьпекі ААН з мэтай аказаньня дапамогі Ўкраіне, калі яна стане ахвярай акту агрэсіі ці аб’ектам пагрозы агрэсіі з ужываньнем ядзернай зброі.
Такія ж абавязаньні распаўсюджваліся на Беларусь і Казахстан.
У 2014 годзе Ўкраіна заявіла, што Расейская Фэдэрацыя парушыла Будапэшцкі мэмарандум, анэксаваўшы Крым і ўчыніўшы агрэсію на Данбасе.