Паходжаньне «літвінізму», культ Лукашэнкі і правакацыі спэцслужбаў. Што абмяркоўвалі на беларуска-літоўскай канфэрэнцыі 

Сьвятлана Ціханоўская выступае на канфэрэнцыі

У Вільні прайшла канфэрэнцыя «Беларусь — Літва: у будучыню праз агульныя каштоўнасьці».

Беларускія і літоўскія палітыкі, дасьледчыкі, дзеячы культуры і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці абмяркоўваюць ключавыя пытаньні эўрапейскай будучыні Беларусі, барацьбу з дэзынфармацыяй і ўмацаваньне беларуска-літоўскіх адносін. Плятформу для дыялёгу арганізавалі Цэнтар эўрапейскіх дасьледаваньняў імя Вільфрыда Мартэнса і Фонд Конрада Адэнаўэра ў Літве.

«Свабодная і незалежная Беларусь — у інтарэсах Літвы»

«Мы ніколі не былі ворагамі. Нас аб’ядноўваюць стагодзьдзі гісторыі, каштоўнасьці, блізкая культура. А самае важнае — гэта што беларусы, як і літоўцы, бачаць сваю будучыню ў эўрапейскай сям’і народаў. Мы праходзім той жа шлях да свабоды, які прайшла Літва», — заявіла лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, адкрываючы канфэрэнцыю.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Літве «за дапамогу беларусам, якія ідуць шляхам свабоды», і нагадала, што пасьля 2020 году больш за 70 тысяч беларусаў знайшлі ў Літве бясьпечны прытулак, тут адчынілі дзьверы для рэпрэсаваных беларускіх мэдыя, грамадзкіх ініцыятываў, сумленнага бізнэсу, аказваюць дапамогу сотням студэнтаў.

«Самы момант паглядзець, дзе мы знаходзімся», — зазначыла Ціханоўская і акрэсьліла праблемы, якія ўзьніклі ў дачыненьнях і якія, на яе думку, трэба пераадолець сумеснымі намаганьнямі:

  • Не дазволіць дыктатарам у Беларусі і Расеі пасварыць беларускі і літоўскі народы праз правакацыі і ўкіданьне фэйкаў кшталту «літвінізму». «Мы бачылі напады, фэйкі. На гэта нельга паддавацца. Мы мусім разам супрацьстаяць», — мяркуе Сьвятлана Ціханоўская.
  • Па-другое, палітык заклікае зрабіць так, каб беларусы лепш разумелі літоўцаў, а літоўцы — беларусаў.

«Давайце арганізоўваць сумесныя дыскусіі экспэртаў, інтэлектуалаў і культурныя падзеі», — заклікала Сьвятлана Ціханоўская і згадала прыклады такой працы: стварэньне беларуска-літоўскага інтэлектуальнага клюбу, слуханьні ў Сейме і канфэрэнцыю, прысьвечаную зьняволеным беларускім філёзафам. «Асаблівая падзяка за гэта прысутным тут прадстаўнікам Віленскага ўнівэрсытэту і Інстытуту Вялікага Княства Літоўскага», — сказала яна.

  • Трэцяй важнай задачай Сьвятлана Ціханоўская назвала стварэньне спрыяльных умоваў для інтэграцыі беларусаў у літоўскае грамадзтва. Сказаўшы, што беларусы вучаць літоўскую мову, ствараюць працоўныя месцы, спрабуюць хутчэй інтэгравацца, Ціханоўская адзначыла і тое, што апошнім часам, з прычыны праблемаў зь візамі ды іншых цяжкасьцяў, больш стала тых беларусаў, якія пераяжджаюць зь Літвы ў Польшчу ці іншыя краіны.

«Трэба прызнаць: не заўжды стаўленьне да беларусаў справядлівае», — мяркуе Ціханоўская і кажа, што бываюць адмовы з фармальных прычын ці нават праз радок у біяграфіі.

«Апошні выпадак — зь беларускім ваяром палка Каліноўскага Васілём Верамейчыкам, які не атрымаў дазволу жыць у Літве толькі таму, што ён калісьці служыў у беларускім войску. Цяпер ён у турме ў Беларусі», — нагадала Ціханоўская.

  • Чацьвёртая задача, паводле Сьвятланы Ціханоўскай, — гэта разам адстойваць эўрапейскую будучыню і эўрапейскія каштоўнасьці.

«Беларусы хацелі б бачыць сваю краіну бясьпечнай, незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай— такой, як Літва. А гэта магчыма толькі ў выпадку арыентацыі на Эўропу, а не на Расею. Свабодная і незалежная Беларусь — таксама і ў нацыянальных інтарэсах Літвы», — сказала яна.

«Дэмакратыя ў Эўропе — гэта магчымасьць быць гаспадарамі на сваёй зямлі».

Сугучныя зь Ціханоўскай думкі выказаў першы віцэ-сьпікер Сейма Літвы Юозас Олекас, які ўзяў удзел у дыскусіі на тэму эўрапейскай будучыні Беларусі.

Дэпутат адзначыў блізкасьць гістарычных і культурных каранёў Літвы і Беларусі, чым патлумачыў неабходнасьць дапамогі, якую Літва аказвае змагарам за дэмакратычную Беларусь.

«Але гэта дае і стабільнасьць у нашым рэгіёне. Ня можа былі бясьпечнай і дэмакратычнай Літвы, калі па суседзтве будзе дыктатарскі рэжым, які служыць Расеі. То бок існуе дваістасьць: мы хочам вам дапамагчы, і гэта ня толькі ў вашых, але і ў нашых інтарэсах», — мяркуе літоўскі палітык. Олекас паведаміў, што ў Сейме новага складу ствараецца група падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі.

Выступае Юозас Олекас

Свой погляд на тое, чаму беларусам дагэтуль не ўдалося вярнуцца ў сям’ю эўрапейскіх народаў, выклаў беларускі апазыцыйны палітык, старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі. Ён мяркуе, што ў сярэдзіне 1990-х гадоў у беларусаў дзяржава ня толькі скрала мару жыць у Эўропе, але і дэзарыентавала, падманула іх з дапамогай хлусьлівай прапаганды.

«Нашы людзі хацелі захаваць лепшае, што ім дасталася пасьля распаду СССР, і таму абралі самае простае рашэньне — спадзявацца не на свае сілы, а на Расею. Цяпер іх падманваюць тым, што нібыта іх выратуюць кітайскія інвэстыцыі. Але мы бачым, што нават Кітай ірвецца на платаздольны рынак Эўразьвязу, аб’ём якога — 20 трыльёнаў даляраў. Расейскі ж рынак — гэта толькі паўтара трыльёна даляраў. А які аб’ём рынку, на такія інвэстыцыі і можна разьлічваць», — зазначыў Аляксандар Дабравольскі і заклікаў беларусаў арыентавацца на Эўропу.

Паводле Аляксандра Дабравольскага, такі кірунак на эўрапейскую будучыню Беларусі супольна абралі беларускія арганізацыі, якія пасьля 2020 году апынуліся за мяжой. Палітык лічыць, што да беларусаў паабапал мяжы прыходзіць разуменьне, што каб дасягнуць волі, трэба нечым ахвяраваць.

Дырэктар Інстытуту Вялікага Княства Літоўскага Русьціс Камунтавічус прызнаў падчас дыскусіі, што пра сваю бліжэйшую суседку — Беларусь — літоўцы ведаюць недастаткова.

«Мы спадзяваліся, што ў 2020 годзе ў вас адбудзецца пералом, але рэвалюцыя не ўдалася, што таксама было нечаканым. Потым пачалася вайна ва Ўкраіне, і мы вярнуліся ў былое становішча — калі мы ня ведаем шмат пра Беларусь і ня можам нечага прадбачыць. Мы зладзілі кангрэс, спрабавалі зьвезьці эліты, а цяпер задумваемся пра тое, як больш распаўсюджваць станоўчую інфармацыю пра Беларусь, бо пакуль інфармацыя ў асноўным нэгатыўная. А ў нас патрэба даваць больш зьвестак пра тое, колькі станоўчага беларусы для нас зрабілі», — сказаў Русьціс Камунтавічус.

«Ці зможам мы размаўляць з паўзай?»

Другая дыскусія на канфэрэнцыі была прысьвечана тэме барацьбы зь дзяржаўнай прапагандай і дэзінфармацыяй.

Рэдактар расейскамоўнай вэрсіі парталу Delfi.lt Алег Ерафееў пачаў дыскусію з адказу на пытаньне, як у Літве ўзьнікла праблема «літвінізму», што заўважна сапсавала адносіны паміж літоўцамі і беларусамі. Паводле журналіста, пачалося ўсё з банальнай спрэчкі ў бары больш за год таму, і абодва бакі «з таго часу дыскутуюць». Але насамрэч, мяркуе Ерафееў, гаворка і пра ўстойлівасьць да такіх правакацый.

«Расея і далей будзе чыніць такія правакацыі. Пытаньне і да нас, літоўцаў: ці зможам мы размаўляць з паўзай і толькі потым пераходзіць да ацэнак?» Журналіст спаслаўся на выпадкі, калі ў сацсетках Літвы зьяўляліся неправераныя заявы, якія потым цытаваліся ў мэдыя цалкам некрытычна.

Паводле Алега Ерафеева, раз-пораз некаторыя літоўскія палітыкі працягваюць разаграваць тэму, што нібыта нейкая частка беларусаў у Літве стварае небясьпеку. «Тое, што адбылося з гэтак званым „літвінізмам“, — гэта наступствы складанай сёньняшняй сытуацыі. Але і для нас добры ўрок», — мяркуе літоўскі журналіст.

Беларускі дасьледчык Ян Аўсеюшкін згадаў, што пра літвінізм выказваўся і расейскі адыёзны палітык Ігар Стралкоў. Імя гэтага вайскоўца, прызнанага міжнародным судом вінаватым у гібелі соцень людзей, прагучала падчас высьвятленьня таго, хто стаіць за правакацыямі супраць беларускіх арганізацый у Літве: расейскія ці беларускія спэцслужбы? На думку дасьледчыка, гэтая дыскусія актыўна разаграваецца спэцслужбамі абедзьвюх дзяржаваў.

«Тэрмін пачалі выкарыстоўваць супраць саміх беларусаў. Але важна, каб дыскусія пра „літвінізм“ пачыналася з высьвятленьня, пра што гаворка», — мяркуе Аўсеюшкін.

Дасьледчык не здымае адказнасьці за распальваньне канфлікту і зь беларусаў. Ян Аўсеюшкін раіць выбіраць выразы, кантраляваць свае словы. Улічваць, што Беларусь успрымаецца як саюзьнік агрэсара, «Усё, што мы, беларусы ў Літве, робім, будзе разглядацца праз гэтую оптыку», — папярэджвае дасьледчык.

Дацэнт Віленскага ўнівэрсытэту Віктар Дзенісенка разглядае правакацыі супраць беларусаў у Літве як праявы гібрыднай вайны, якую распачалі супраць Захаду Расея і яе марыянэтка Беларусь, а ім спрыяе Кітай ды іншыя хаўрусьнікі.

«Расея, як больш агрэсіўная, выкарыстоўвае Беларусь. Сее недавер, канфлікты. Але мяркую, што часам рэжым Лукашэнкі дзейнічае і з уласнай ініцыятывы».

Навуковец назваў мэтады Крамля, якія, на ягоную думку, капіююць ягоныя хаўрусьнікі.

«Найперш гэта спроба стварыць інфармацыйны хаос. Мы можам пабачыць, як у інфапрастору ўкідаюць адначасова некалькі супярэчлівых наратываў. Нібыта нелягічна? Але бачна, што мэта ў іх не прапанаваць пэўны наратыў, а іншая — каб чалавек разгубіўся і не давяраў любой інфармацыі. Што нібыта хлусяць усе, а значыць, нікому нельга давяраць, і сваім таксама».

Паводле літоўскага дасьледчыка, прарасейская прапаганда займаецца яшчэ і тым, што незаўважна для спажыўца інфармацыі мяняе рэчаіснасьць. «Яны часта выкарыстоўваюць сапраўдныя праблемы, выкарыстоўваюць уразьлівыя групы людзей, якія ёсьць паўсюль. Ім прапануецца выйсьце: у вас дрэнна не таму, што вы дрэнна вучыліся, а таму, што ў вас дрэнная дзяржава».

Паводле дацэнта Дзенісенкі, у інфармацыйную прастору расейская прапаганда ўкідае гэтак шмат разбуральных наратываў, бо разьлічвае, што нешта можа спрацаваць.

«Прыкладам, чалавек ня любіць сэксуальныя меншасьці, і гэта можа спрацаваць. А падобных прапановаў багата. У выніку ў грамадзтве распальваецца варожасьць», — мяркуе навуковец зь Віленскага ўнівэрсытэту Віктар Дзенісенка.

У дыскусіі таксама прагучала думка, што цяпер беларускія прапагандысты пад прыкрыцьцём выбарчай кампаніі раскручваюць культ Аляксандра Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская апазыцыя мае добрыя шанцы». Падаляк пра перамовы з дарадцам Ціханоўскай і магчымасьць пераменаў у Беларусі

Што да ўзьдзеяньня на беларусаў, якія пражываюць за мяжой, дык тут, паводле ўдзельнікаў дыскусіі, найбольш актыўнічаюць менавіта спэцслужбы — спрабуюць пасварыць беларусаў ня толькі зь літоўцамі, але і паміж сабой.

Таксама на канфэрэнцыі абмеркавалі супрацоўніцтва для ўмацаваньня беларуска-літоўскіх адносін і праблематыку культурных сувязяў паміж Беларусьсю і Літвой. У дыскусіі бралі ўдзел дэпутат Сейма Томас Тумілінас, старшыня арганізацыі «Дапамога» Натальля Калегава, актывістка з Клайпеды Вікторыя Валатоўская, рэдактар ELTA Вітаўтас Бруверыс, палітоляг Вадзім Мажэйка, пісьменьніца Ганна Златкоўская, каардынатар «Бацькаўшчыны» Ніна Шыдлоўская, прадстаўніца Беларускай рады культуры Надзея Гарэцкая.