Краіны Балтыі ўводзяць санкцыі супраць грузінскіх афіцыйных асобаў, датычных да разгону пратэстаў

Пратэсты ў Тбілісі, 1 снежня 2024 году

Эстонія, Латвія і Літва дамовіліся ўвесьці нацыянальныя санкцыі супраць асобаў, датычных да разгону апазыцыйных пратэстаў у Грузіі, якія пачаліся пасьля рашэньня ўраду прыпыніць інтэграцыю з Эўразьвязам.

Пра гэта паведаміў міністар замежных справаў Эстоніі Маргус Цахкна.

«Праціўнікаў дэмакратыі і парушальнікаў правоў чалавека не вітаюць у нашых краінах», — напісаў міністар у сацсетцы X.

«Грузінскі народ мае права адстойваць свае правы, таму што іх кіраўнічая партыя доўга і сыстэматычна хлусіла свайму народу, і людзі маюць права выказваць сваю нязгоду праз акцыі пратэсту. Гвалт супраць пратэстоўцаў непрапарцыйны і супярэчыць правам чалавека», — адзначыў кіраўнік эстонскага МЗС.

Эстонія ўжо забараніла ўезд на сваю тэрыторыю 11 грузінскім палітыкам і чыноўнікам. Сярод іх міністар унутраных справаў Грузіі Вахтанг Гамелауры і ганаровы старшыня партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі. Сярод асобаў, якія падпалі пад візавыя санкцыі Таліна, — 4 намесьнікі кіраўніка МУС і 5 кіраўнікоў розных дэпартамэнтаў міністэрства.

Аналягічны сьпіс апублікаваў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцназ у Тбілісі ня змог разагнаць мітынгоўцаў, акцыя пратэсту працягваецца. ФОТА

Паводле зьвестак МУС Грузіі, падчас пратэстаў каля парлямэнту краіны затрымалі 224 чалавек, іх абвінавачваюць паводле артыкулаў аб дробным хуліганстве, супраціве і непадпарадкаваньні паліцыі. Суд ужо аштрафаваў 36 чалавек, яшчэ 34 былі прыгавораныя да адміністрацыйнага арышту.

Яшчэ двум пратэстоўцам прад’явілі абвінавачаньні ў нападзе на паліцыянтаў і нанясеньні шкоды.

Як сьцьвярджаюць у МУС, мінулай ноччу падчас пратэстаў пацярпеў 21 супрацоўнік паліцыі, а ўсяго за апошнія некалькі дзён пацярпелі 113 паліцыянтаў.

У ноч на 2 сьнежня грамадзяне Грузіі чацьвёрты раз запар сабраліся каля будынку парлямэнту ў Тбілісі. Як паведамляе BBC, паліцыя ўжыла для разгону дэманстрантаў вадамёты і сьлезацечны газ, а пратэстоўцы ў адказ запускалі пэтарды. Праграма «Эхо Кавказа» паведаміла пра затрыманьне лідэра партыі «Гірчы — Больш свабоды» і аднаго з кіраўнікоў апазыцыйнай «Кааліцыі за перамены» Зураба Джапарыдзэ.

Раней прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі выступіла са зваротам да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і заклікала іх не ўжываць сілу на акцыях пратэсту.

28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з ЭЗ і адмове ад грантаў Эўразьвязу да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 году. Рашэньне ўладаў выклікала масавыя пратэсты перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі. Дэманстранты спрабавалі ўзьвесьці барыкады, пачаліся сутычкі з паліцыяй. Для разгону пратэстоўцаў паліцыя ўжывала вадамёты і сьлезацечны газ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Схапілі і панесьлі. Некалькі разоў пасьпелі выцяць». Беларус расказаў пра сваё затрыманьне ў Грузіі