Агенцтва ААН прыпыніла пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў Газу з прычыны рабаваньняў

Дастаўка гуманітарнай дапамогі праз пункт пропуску «Керам-Шалом». Чэрвень 2024

Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам абвясьціла аб прыпыненьні дастаўкі гуманітарнай дапамогі праз пункт пропуску «Керам-Шалом», які зьяўляецца асноўным пунктам увозу гуманітарных грузаў з Ізраіля ў сэктар Газа.

Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам аб’явіла, што прыпыняе дастаўку гуманітарнай дапамогі праз пункт пропуску «Керам-Шалом», які зьяўляецца асноўным пунктам увозу гуманітарных грузаў з Ізраіля ў сэктар Газа.

Прычынай сталі пагрозы з боку ўзброеных груп, якія займаюцца рабаваньнем канвояў.

«Мы вымушаныя прыпыніць дастаўку дапамогі праз „Керам-Шалом“, галоўны кантрольна-прапускны пункт для гуманітарнай дапамогі ў Газу. Гэты маршрут ужо некалькі месяцаў небясьпечны», — заявіў кіраўнік агенцтва Філіпэ Лядзарыні ў сацыяльнай сетцы Х, адзначыўшы, што рашэньне прынялі тады, калі праблема голаду жыхароў Газы імкліва абвастраецца.

Лацарыні нагадаў, што 30 лістапада ўзброеныя людзі выкралі ў раёне «Керам-Шалома» партыю гуманітарнай дапамогі, а ў сярэдзіне лістапада было разрабавана амаль 100 грузавікоў.

Адказнасьць за абарону гуманітарных работнікаў і паставак дапамогі Філіпэ Лядзарыні ўсклаў на Ізраіль. Ён заклікаў да спыненьня агню ў рэгіёне.

Паводле звестак ААН, аб’ём гуманітарнай дапамогі, якая паступае ў Газу, дасягнуў мінімальнага ўзроўню за год. У верасьні арганізацыі, якія займаюцца пастаўкай дапамогі, паведамлялі аб блякаваньні паловы грузаў на поўначы Газы ізраільскімі сіламі. Пасьля гэтага Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу і былога кіраўніка Мінабароны Ёава Галянта.

Раней Ізраіль афіцыйна апавясьціў ААН аб скасаваньні пагадненьня, якое рэгулюе адносіны краіны з гэтым агенцтвам. Адпаведныя законапраекты зацьвердзіў парлямэнт Ізраіля. Згодна з дакумэнтамі, дзейнасьць агенцтва на Заходнім беразе ракі Ярдан і ў сэктары Газа не забароненая, але новае заканадаўства сур’ёзна ўплывае на здольнасьць арганізацыі працаваць на гэтых тэрыторыях.

Ізраільскі бок раней неаднаразова заяўляў, што агенцтва зьвязанае з радыкальнай групоўкай ХАМАС, якая прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і Эўропе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль і «Хэзбала» дамовіліся пра замірэньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэмʼер-міністра Ізраілю Нэтаньягу

Вайна Ізраілю з ХАМАСам і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.