Як піша Расейскай служба Радыё Свабода, у бюджэце закладзеныя рэкордныя расходы на ваенныя патрэбы. У 2025 годзе на «нацыянальную абарону» Расея выдаткуе 13,5 трыльёна рублёў — гэта больш за 40% усіх выдаткаў краіны. Гэта больш, чым закладзенае ў бюджэце фінансаваньне аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай палітыкі і нацыянальнай эканомікі разам узятых.
Каб пакрыць гэтыя выдаткі, у Расеі з 2025 года вырастуць падаткі на прыбытак, падаткі для малога і сярэдняга бізнэсу, падаткі на здабычу газу, нафты і вугалю, таксама вырастуць акцызы на алькаголь, цыгарэты і салодкія напоі. Паводле Асацыяцыі экспарцёраў і імпарцёраў Расеі, у наступным годзе цэны на ўсе прадукты вырастуць прыкладна на 20%, а на паслугі ЖКГ — на 10%.
Даходы краіны, як указана ў законе, у 2025 годзе павінны скласьці 40,3 трыльёна рублёў, а выдаткі — 41,47 трыльёна. Дэфіцыт складзе 1,17 трыльёна рублёў.
Як адзначае The Bell, 13,5 трыльёна на абарону і нацыянальную бясьпеку — рэкорднае значэньне ва ўсёй гісторыі постсавецкай Расеі. У бюджэце на 2024 год ваенныя выдаткі былі закладзеныя на суму 10,4 трыльёна рублёў, што таксама было на той момант гістарычным максымумам, але тады ўрад зыходзіў з таго, што гэта разавая анамалія: меркавалася ўжо з 2025 года рэзка зьнізіць ваенныя траты — адразу да 8,5 трыльёна. Аднак гэтага не адбылося. Праект бюджэту, праўда, зноў прадугледжвае, што ваенныя выдаткі праз два гады пачнуць зьніжацца, але нязначна — да 12,8 трыльёна рублёў у 2026 годзе.
Дадатковыя гранты і субсыдыі будуць выдзеленыя на падтрымку ўдзельнікаў вайны і іх сем’яў. Найбуйнейшым іх распарадчыкам будзе фонд «Абаронцы айчыны», які ўзначальвае намесьніца міністра абароны Расеі, пляменніца Ўладзіміра Пуціна Ганна Цывілёва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі другі раз асудзілі дэпутата за антываенную пазыцыю. Судзьдзя ня стаў слухаць яго апошняе словаГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб аднавіць прыродны парк «Сьвятыя горы» ва Ўкраіне пасьля вайны, спатрэбяцца намаганьні пакаленьняў