Кім Чэн Ын у сваёй заяве, на якую спасылаецца Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі, згадаў пагадненьне аб усёабдымным стратэгічным партнэрстве, якое ён падпісаў у чэрвені 2024 году з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Дамоўленасьці ўключаюць узаемадзеяньне ў абароннай сфэры.
У паведамленьні паўночнакарэйскага інфармагенцтва не гаворыцца, ці абмяркоўваў Кім Чэн Ын падчас сустрэчы зь міністрам абароны Расеі Андрэем Белавусавым разьмяшчэньне ў Расеі вайскоўцаў з КНДР. Раней розныя крыніцы, уключаючы выведку Паўднёвай Карэі і мінабароны ЗША, паведамлялі пра адпраўку Пхэньянам у Расею сама меней 10 тысяч сваіх вайскоўцаў, у тым ліку ў Курскую вобласьць, адкуль войска Расеі спрабуе выцесьніць сілы Ўзброеных сілаў Украіны.
Пры гэтым прыводзяцца словы Кім Чэн Ына ў гутарцы зь Белавусавым пра тое, што атрыманы нядаўна Ўкраінай дазвол на выкарыстаньне заходняй дальнабойнай зброі для ўдараў па Расеі — гэта вынік «прамога ваеннага ўмяшаньня ЗША», а Масква мае права на самаабарону.
Раней паведамлялася, што Андрэй Белавусаў запрасіў войскі КНДР удзельнічаць у парадзе ў гонар 9 траўня ў Маскве ў 2025 годзе.
- Большасьць сусьветных СМІ, спасылаючыся на крыніцы, зьвязваюць дазвол на ўдары заходняй зброяй углыб расейскай тэрыторыі менавіта з прыбыцьцём на фронт для ўдзелу ў вайне Расеі супраць Украіны тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.
- Масква наўпрост не пацьвердзіла, але і не абвергла прысутнасьць паўночнакарэйскіх вайскоўцаў на расейскай тэрыторыі, падкрэсьліваючы пры гэтым, што яно адпавядала б палажэньням дамовы, якая прадугледжвае ваенную і іншую дапамогу бакоў адзін аднаму ў выпадку агрэсіі супраць іх трэцяга боку.