Польскі Forbes намінаваў беларуску на званьне «Жанчына году»

Вольга Ланеўская, архіўнае фота з сайту праекту «Карта гвалту»

Польскі часопіс Forbes Women намінаваў беларуску Вольгу Ланеўскую на званьне жанчыны году ў катэгорыі «грамадзкая дзейнасьць».

Вольга Ланеўская працуе з тэмамі фэмінізму і супрацьдзеяньня гендэрнаму гвалту. Яна заснавала ў Кракаве Фэмінісцкі цэнтар салідарнасьці для дзяўчат і жанчын. Вольга — сэртыфікаваная трэнэрка па жаночай самаабароне і асэртыўнасьці паводле мэтаду WenDo, які прыдуманы ў Канадзе на мяжы 60-70 гадоў ХХ стагодзьдзя.

«Мэтад уключае ў сябе разуменьне і ўмацаваньне асабістых межаў, навыкі фізычнай самаабароны, а таксама працу з голасам, упэўненасьцю ў сабе і асэртыўнасьцю (асабістай адказнасьцю — рэд.) у цэлым. Сама назва паходзіць ад словаў „woman“ (па-ангельску — жанчына) і „do“ (па-японску — дарога). Можна сказаць, што гэта шлях жанчыны, які кожная з нас выбірае сама, а можна пайсьці глыбей і заявіць, што гэта мэтад барацьбы з дыскрымінацыяй і гвалтам па прыкмеце полу», — тлумачыла сама Вольга Ланеўская ў інтэрвію ex-press.live.

Паводле яе, WenDo, з аднаго боку, дапамагае прымаць рашэньні і выходзіць з гвалтоўных адносінаў і зносінаў, а з другога — зьвяртае ўвагу, як не трапляць у такія адносіны і сытуацыі. Таксама WenDo дапамагае лепш пазнаць сябе і давяраць сабе, спраўляцца з пачуцьцём сораму і бездапаможнасьці, калі здараюцца крызісныя сытуацыі.

Да пераезду ў Польшчу, Вольга Ланеўская праводзіла трэнінгі паводле мэтаду WenDo для беларусак у Беларусі. Заняткі праводзілі бясплатна дзякуючы дапамозе і падтрымцы арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагала жанчынам, што пацярпелі ад хатняга гвалту. Пазьней улады Беларусі ліквідавалі «Радзіславу» і іншыя арганізацыі дапамогі жанчынам у Беларусі.

Агулам рэдакцыя польскага часопісу Forbes выбрала 50 жанчын, чыя дзейнасьць заслугоўвае ўвагі. Яны прадстаўляюць пяць катэгорыяў: бізнэс, грамадзкая дзейнасьць, культура, навука і спорт. Дапамагаць вызначаць, хто зь іх варты званьня «Жанчыны году», будуць чытачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не падманвайце сябе ўзростам, адукацыяй або паходжаньнем». Сёньня — міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1450 палітычна матываваных прысудаў, выпадкі гвалту і ціску: праваабаронцы пра рэпрэсіі супраць жанчын у Беларусі