Сёлета за тры месяцы 25 беларусам адмовілі ў прытулку ў Грузіі. За 5 гадоў абароны папрасілі 73 беларусы

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Грузіі, 2020 год

З 2019 да канца трэцяга кварталу 2024-га па абарону ў Грузіі зьвярнуліся 73 грамадзяніны Беларусі, адмову ўжо атрымаў 31 просьбіт, вынікае з падрыхтаванага на падставе зьвестак грузінскага МУС дасьледаваньня, вынікамі якога з «Позіркам» падзяліўся адзін з аўтараў праваабаронца Раман Кісьляк.

Згодна з вынікамі дасьледаваньня, адмовы беларусам у наданьні палітычнага прытулку ў 2019-2022 гадах былі адзінкавымі, у 2023-м і першым паўгодзьдзі 2024-га іх не было зусім. Абсалютная большасьць адмоваў — 25 з 31 — прыпала на ліпень — верасень 2024 году.

Найбольш беларусаў зьвярталіся па гуманітарны статус у 2023 і 2024 гадах — 21 і 32 адпаведна, гаворыцца ў дасьледаваньні. Сярод тых, хто папрасіў абароны за апошнія пяць гадоў, пераважаюць мужчыны і жанчыны 26-40 гадоў, налічваецца 15 дзяцей.

Праваабаронца Раман Кісьляк, архіўнае фота

«Пасьля зацішша з разглядам запытаў беларусаў на прытулак са жніўня 2024 году дэпартамэнт міграцыі МУС пачынае актыўна разглядаць беларускія справы і штампаваць адмовы ў прытулку. Мяркуючы па апытаньнях, якія пацьвярджаюцца афіцыйнай статыстыкай МУС, ніхто зь беларусаў ня змог атрымаць статут уцекача ў Грузіі», — канстатуе Раман Кісьляк.

Паводле яго, пасьля атрыманьня адмоваў «ідзе масавая падрыхтоўка і падача скаргаў у Тбіліскі гарадзкі суд».

«Відавочна, што нехта ва ўрадзе Грузіі напярэдадні выбараў у парлямэнт (адбыліся 26 кастрычніка; пераможцам на іх аб’явіла сябе кіроўная прарасейская партыя „Грузінская мара“ — рэд.) вырашыў усім беларусам адмовіць у прытулку, незалежна ад абставінаў, на якія яны спасылаюцца. Мы бачым у гэтым дыскрымінацыю па прыкмеце нацыянальнага паходжаньня, якая ў міжнародным праве трактуецца як адна з формаў расавай дыскрымінацыі», — лічыць праваабаронца

Абапіраючыся на статыстыку МУС Грузіі, аўтары дасьледаваньня падлічылі колькасьць беларусаў у Грузіі — 12 955 (без уліку турыстаў).

«Можна меркаваць, што „пашпартны ўказ“ моцна ўплывае на дынаміку адтоку беларусаў у 2024 годзе, аднак на сёньняшні момант больш падрабязных зьвестак няма. У лістападзе 2024 году ў Грузіі пачаўся перапіс насельніцтва, ён таксама можа даць больш падрабязныя зьвесткі пра беларусаў, якія жывуць у краіне, аднак толькі налета», — гаворыцца ў дакумэнце.

  • Грузія — адна з краін, куды беларусы эмігравалі, ратуючыся ад рэпрэсіяў, якія пачаліся ў Беларусі пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Туды ж рэлякавалася істотная частка беларускага ІТ-бізнэсу.
  • Шмат у чым гэта было абумоўлена мяккімі ўмовамі знаходжаньня ў краіне — беларусы могуць знаходзіцца ў Грузіі бязь візы на працягу году, а для абнуленьня бязьвізавага тэрміну дастаткова выехаць за мяжу і адразу вярнуцца на грузінскую тэрыторыю (г. зв. «візаран»). Разам з тым апошнім часам пачасьціліся выпадкі, калі грузінскія памежнікі не дазвалялі беларусам вяртацца ў краіну пасьля «візарану».
  • Легалізавацца ў Грузіі беларусам няпроста, асабліва ў сьвятле «пашпартнага ўказу» № 278, якім Лукашэнка пазбавіў замежныя ўстановы магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міграцыйная служба нічога ня ведае і ня хоча ведаць пра нашу краіну». Беларусы — пра адмовы ў прытулку ў Швэцыі і Баўгарыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вам тут ня радыя». Грузінскі праваабаронца пра выцісканьне беларусаў з краіны