Былы турэмшчык, сьвятар, грамадзянін Латвіі: 65 чалавек судзілі ў Беларусі паводле палітычных артыкулаў на тыдні

Пасьля падзеяў 2020 году ў Беларусі працягваецца беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсіяў. Беларусаў дагэтуль перасьледуюць за падзеі 4-гадовай даўніны: за ўдзел у пратэстах, выказваньне нязгоды зь дзеяньнямі ўладаў і іншую палітычную актыўнасьць. Перад сёмымі прэзыдэнцкімі выбарамі хваля рэпрэсіяў узмацнілася: па ўсёй Беларусі ладзяцца вобшукі і затрыманьні.

З 25 па 29 лістапада ў беларускіх судах разглядалі 52 крымінальныя палітычна матываваныя справы, у межах якіх судзілі 65 чалавек, падлічылі праваабаронцы «Вясны». Мінімум 12 судовых працэсаў праходзіла ў закрытым рэжыме. Па ўсёй Беларусі ў палітычных судах прымалі ўдзел сама меней 38 судзьдзяў.

Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх» («народны» арт. 342 КК). У межах 19 спраў паводле яго за пратэсты 2020 году судзілі 24 чалавекі.

Так, 26 лістапада ў судзе Савецкага раёну Менску паводле арт. 342 КК за ўдзел у мірных шэсьцях у 2020 годзе пачалі судзіць 32-гадовага Антона Булаха — былога пажарнага аварыйна-выратавальнай часткі Кастрычніцкага раённага аддзелу па надзвычайных сытуацыях. У 2020 годзе ён публічна звольніўся. Яго затрымалі ў верасьні 2020 году. Справу разглядае судзьдзя Сьвятлана Касмачова.

За «здраду дзяржаве» на мінулым тыдні судзілі сама меней шэсьць чалавек, сярод іх — 64-гадовы каталіцкі сьвятар Генрых Акалатовіч, які мае праблемы са здароўем. Таксама за здраду дзяржаве судзяць 55-гадовага Мікалая Клока, былога намесьніка дырэктара прадпрыемства па вытворчасьці кандытарскіх вырабаў ПГУП «Унівэрсал-люкс». Вядома, што Мікалай нарадзіўся ва Ўкраіне, але мае беларускае грамадзянства. Суд праходзіць у закрытым рэжыме, судзьдзя — Андрэй Лешчанка.

Цяпер значна радзей за пратэсты судзяць паводле арт. 293 (Удзел у масавых беспарадках). На гэтым тыдні прайшоў толькі адзін такі суд — у судзе Пінска і Пінскага раёну за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году судзілі Аляксея Шпакоўскага. Справу разглядае Вольга Лубнік. Агулам паводле ч. 2 арт. 293 КК у Беларусі ўжо асудзілі 181 чалавека, зь іх 29 — у Пінску.

На мінулым тыдні за ўдзел у пратэстах судзілі дзьве сям’і. У судзе Фрунзенскага раёну Менску пачалі разглядаць справу Ганны, Тацяны і Андрэя Вашчыніных — іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе. Справу разглядае судзьдзя Юлія Крэпская. У судзе Кастрычніцкага раёну Дзьмітрый Карсюк пачаў разглядаць справу Анжэлы і Сяргея Сандалюкоў, гэта ўжо другі суд над імі за ўдзел у пратэстах. Сяргей Сандалюк — былы намесьнік начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС — ведамства, якое кіруе усёй пэнітэнцыярнай сыстэмай Беларусі.

Актыўна працягваюцца палітычна матываваныя суды за інтэрнэт-камэнтары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. За мінулы тыдзень у Беларусі судзілі мінімум 11 чалавек за камэнтары пра Лукашэнку (паводле арт. 368 КК «абраза Лукашэнкі» і арт. 367 КК «паклёп на Лукашэнку»), за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) — сем чалавек. За «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК) судзілі мінімум 21 чалавека ў межах 15 судовых пасяджэньняў.

Так, палітвязьня Аляксея Зачапілу судзяць паводле ч. 1 арт. 130 КК, сутнасьць абвінавачваньня невядомая, але, меркавана, справа тычыцца камэнтароў. Яго затрымалі разам з жонкай Людмілай Ліхачэўскай у сакавіку і зьмясьцілі пад варту, негледзячы на тое, што ў пары трое дзяцей, адзін зь іх — непаўналетні.

26 лістапада пачалі судзіць 35-гадовага бубнача Аляксею Сіленку, які вярнуўся з Грузіі. Раней ён выступаў у менскай «Пясочніцы», на Пешаходцы і як музыка ўдзельнічаў у шматлікіх праектах (ОХ.РА, БУЛЬВАР, Mnsr. Gustav і іншых). Яго абвінавачваюць у «закліках да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальваньні варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК), сутнасьць абвінавачаньняў невядомая. Справу разглядае Анастасія Папко.

У Берасьці за камэнтары пра міліцыянтаў і Лукашэнку судзяць настаўніка фізкультуры ў СШ № 1 Баранавічаў, 53-гадовага Ігара Ільюкевіча. Яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, закліках да санкцыяў і распальваньні варожасьці. Працэс вядзе Кацярына Груда.

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца суд над жыхаром Латвіі Юрыйсам Ганінсам, якому пагражае да 10 гадоў калёніі па трох палітычных артыкулах: «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «заклікі да санкцыяў» (ч. 2 арт. 361 КК). Сутнасьць абвінавачваньня невядомая, працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Справу разглядае Аляксандар Рыбакоў.

4 чалавекі на гэтым тыдні судзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК) — за грашовыя пераводы і перадачы палітвязьням, інтэрвію незалежным СМІ ці перадачу інфармацыі ў боты мэдыя. Яшчэ траіх людзей судзілі паводле арт. 361-2 («фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), чатырох — паводле арт. 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня ці ўдзел у ім»), адразу 10 чалавек — паводле арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні ці ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне ці падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу»).

Так, у Віцебску пачалі судзіць 56-гадовага актывіста Іосіфа Дулебу за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні». Віцебчук у мінулым узначальваў Віцебскае падразьдзяленьне БНФ, але ў пачатку 2000-х адышоў ад партыйных спраў. У Менску судзяць 58-гадовую палітзьняволеную Ганну Стражэвіч, якая актыўна пісала лісты беларускім палітвязьням. Яе судзяць за «абразу Лукашэнкі» і «паклёп» на яго, «абразу міліцыянта», удзел у пратэстах і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).

Таксама 25 па 29 лістапада адбылося 12 судовых працэсаў па замене абмежаваньня волі на пазбаўленьне волі асуджаных па палітычных справах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можна падумаць, рэпрэсіі спыніліся». Праваабаронцы заўважылі новую тактыку ўладаў у асьвятленьні барацьбы з палітычнымі апанэнтамі 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 360 затрыманых, 178 памілаваных. Праваабаронцы расказалі, як выглядаюць рэпрэсіі перад новай выбарчай кампаніяй