Пра гэта гаворыцца ў сумесным камюніке, падрыхтаваным па выніках першага раўнду кансультацый 26 лістапада ў Атаве і апублікаваным 28 лістапада канадзкім замежнапалітычным ведамствам.
Бакі заявілі аб прыхільнасьці «далейшаму адстойваньню агульных дэмакратычных каштоўнасьцяў і свабод, паглыбленьню партнэрства з дапамогай пашырэньня супрацоўніцтва і сумесных ініцыятыў».
Канада «падкрэсьліла сваю прыхільнасьць актывізацыі міжнародных намаганьняў у супрацьдзеяньні апэрацыям расейскага ўплыву і абароне правоў грамадзян Беларусі, у тым ліку права на самавызначэньне».
Удзельнікі кансультацый заявілі пра важнасьць «аб’яднаньня беларускай грамадзянскай супольнасьці з эўрапейскімі і паўночнаамэрыканскімі дэмакратычнымі інстытутамі і ўмацаваньня міжнародных сетак, якія пашыраюць магчымасьці беларускага народу ў яго барацьбе за свабоду, правы чалавека і незалежнасьць».
Канадзкі ўрад пацьвердзіў «прыхільнасьць ужываньню мэтанакіраваных санкцый супраць фізычных і юрыдычных асоб, якія парушаюць правы чалавека, і тых, хто прама ці ўскосна падтрымлівае агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны».
«Прызнаючы крытычна важную ролю незалежных СМІ», бакі дамовіліся падтрымліваць беларускіх журналістаў і мэдыяарганізацыі, асабліва тыя, якія даюць дакладную інфармацыю аўдыторыі як унутры Беларусі, так і за яе межамі.
Удзельнікі «выказалі сур’ёзную занепакоенасьць з нагоды непавагі да волі беларускага народу, асабліва па меры набліжэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2025 годзе, якія, як чакаецца, ня будуць ні свабоднымі, ні справядлівымі».
Канада і беларускія дэмакратычныя сілы «рашуча асудзілі сыстэматычнае ўжываньне катаваньняў і бесчалавечнага, зьневажальнага для чалавечай годнасьці абыходжаньня ці пакараньня, утрыманьне пад вартай бяз сувязі з вонкавым сьветам і іншыя формы рэпрэсій у Беларусі» і «заклікалі да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў і аднаўленьня дэмакратычных свабод».
Мэтай кансультацый названыя «абарона асноўных правоў чалавека, устойлівасьць дэмакратыі, мэтанакіраваныя санкцыі, дэмакратызацыя, вяршэнства закону і намаганьні ў забесьпячэньні адказнасьці рэжыму Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада і беларускія дэмакратычныя сілы правялі першыя стратэгічныя кансультацыі