Сырыйскія паўстанцы распачалі шырокамаштабную атаку на раёны, якія кантралююцца ўрадавымі сіламі на паўночным захадзе Сырыі, заявілі 28 лістапада апазыцыйныя групы. Урад і яго саюзьнікі адказалі авіяўдарамі і абстрэламі, каб адбіць наступ паўстанцаў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва АР.
Валянтэры Сырыйскай грамадзянскай абароны, вядомай як «Белыя каскі», заявілі, што сама меней 18 чалавек, у тым ліку трое дзяцей і дзьве жанчыны, былі забітыя ў дзьвюх розных вёсках на захадзе Алепа авіяўдарамі. Сырыйскі цэнтар назіраньня за правамі чалавека заявіў, што авіяўдары былі нанесеныя з расейскіх баявых самалётаў.
У сваёй заяве, на якую спасылаецца CNN, паўстанцы сьцьвярджаюць, што захапілі 13 вёсак, уключаючы стратэгічныя гарады Урм-ас-Сугра і Анджара, базу 46 (найбуйнейшая база рэжыму ў заходнім Алепа), а таксама зброю і транспартныя сродкі, якія належалі ўрадавым сілам. Яны заяўляюць, што наступ стаў адказам на атакі сырыйскіх і расейскіх вайскова-паветраных сілаў па цывільным насельніцтве на поўдні горада Ідліб.
Узброеныя сілы Сырыі 28 лістапада заявілі, што наступ зьяўляецца парушэньнем пагадненьня аб дээскаляцыі. У ім гаворыцца, што напады працягваюцца і нацэленыя на шэраг вёсак і ваенных базаў.
Паўстанцы заявілі, што іх наступ дазволіць вярнуцца тысячам перамешчаных асобаў, якія былі вымушаныя ратавацца ад урадавых бамбаваньняў у апошнія тыдні.
Міжнародны камітэт выратаваньня паведамляе, што сама меней 7000 сем’яў былі перамешчаныя з прычыны эскаляцыі баявых дзеяньняў.
Цяперашнія сутыкненьні называюць першым буйным узброеным канфліктам у рэгіёне за апошнія чатыры гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кім сябруе Беларусь на Блізкім Усходзе? Інфаграфіка- Цэнтрам супрацьстаяньня ўрадавых войскаў і груп узброенай апазыцыі Алепа стаў яшчэ з пачаткам грамадзянскай вайны ў Сырыі ў 2011 годзе. Пазьней да канфлікту падключыліся і іншыя бакі: Расея і Іран падтрымалі сырыйскія ўрадавыя сілы, а Турэччына ― апазыцыйныя Асаду групоўкі, якія кантралююць правінцыю Ідліб на паўночным захадзе краіны. У канцы 2019 году пры ўдзеле Расеі і Турэччыны было заключанае пагадненьне аб спыненьні агню.
- Цяперашні наступ сырыйскіх паўстанцаў адбыўся ў момант, калі зьвязаныя з Іранам групоўкі, якія падтрымлівалі сырыйскія ўрадавыя сілы з 2015 году, былі занятыя канфліктам у Лібане і сэктары Газа.
- Ізраіль і групоўка «Хэзбала», якую падтрымлівае Іран, былі ўцягнутыя ў вайну, якая абвастрылася зь верасьня. Пра спыненьне агню паміж Ізраілем і «Хэзбалой» было абвешчана 27 лістапада, у дзень, калі фракцыі сырыйскай апазыцыі абвясьцілі пра свой наступ.
Расея разам зь Іранам падтрымала сырыйскія ўрадавыя сілы неўзабаве пасьля таго, як антыўрадавыя пратэсты ў 2011 годзе перарасьлі ў вайну. Турэччына падтрымлівае шэраг апазыцыйных сіл і ўсталявала вайсковую прысутнаьсць у частках паўночна-заходняй Сырыі. Тым часам Злучаныя Штаты падтрымліваюць сілы сырыйскіх курдаў на ўсходзе краіны.
Турэччына заявіла ў чацьвер, што ўважліва сочыць за наступам апазыцыйных груповак на поўначы Сырыі. Неназваныя прадстаўнікі міністэрства абароны, якіх цытуе дзяржаўнае агенцтва Anadolu, заявілі ў чацьвер, што турэцкія вайскоўцы прынялі «належныя меры» для абароны сваіх войскаў у Сырыі.
Прадстаўнікі службы бясьпекі Турэччыны заявілі , што сырыйскія апазыцыйныя групоўкі першапачаткова пачалі «абмежаваны» наступ на Алепа, адкуль адбываліся напады на цывільных жыхароў. Аднак наступ пашырыўся, калі сырыйскія ўрадавыя сілы пачалі адступаць са сваіх пазыцый.