Бясконцая барацьба страшна стамляе. Нядаўна быў чарговы міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту адносна жанчын, цяпер праходзяць 16 дзён актыўных дзеяньняў, прысьвечаных гэтай праблеме, і я зноў думаю, што гэта ўсё назаўжды. Я дык пэўна не дажыву да часу, калі такія дні перастануць быць актуальнымі.
Раней зьмены хоць бы адбываліся больш разьмерана і паступова. Былі добрыя і кепскія тэндэнцыі, але ў цэлым на іх можна было пасьпяваць рэагаваць. А потым здарыўся 2020 год, і нас усіх нібы выкінула на іншую плянэту, дзе звыклыя правілы не працуюць, і ўвогуле няясна, як менавіта ўсё працуе, а выжываць трэба.
Мы ж атрымалі нейкае шалёнае комба! Жанчыны, якія застаюцца ў Беларусі, жывуць ва ўмовах прававога дэфолту, дзе з прававымі нормамі і іх выкананьнем робіцца ўвогуле няведама што. А пра адмысловы закон, напрыклад, аб прафіляктыцы і супрацьдзеяньні хатняму гвалту і марыць не выпадае. Арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць жанчынам, пацярпелым ад гвалту, працуюць па-партызанску, і іх магчымасьці, мякка кажучы, дужа абмежаваныя.
Жанчыны, якія выехалі зь Беларусі, гіпатэтычна маюць доступ да большых рэсурсаў, але гэта толькі ў тэорыі. На практыцы ж эміграцыя заўжды суправаджаецца пагаршэньнем сытуацыі з хатнім гвалтам у супольнасьці. А яшчэ жанчыны ў новай краіне часта губляюць звыклае сяброўскае кола падтрымкі і ня могуць банальна вярнуцца ў матчын дом, калі ў сваім цяперашнім зусім невыносна. Часам дадаецца і эканамічная залежнасьць, асабліва калі жанчына легалізуецца ў новай краіне акурат як жонка свайго мужа, які займае пэўную пасаду, ці калі ў сям’і ёсьць дзеці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Робяць усё, каб не было мараў». Лекары дасьледавалі, як беларуская турма ўзьдзейнічае на жаночае здароўеА яшчэ ў новай краіне жанчына часта ня ведае ўсіх заканадаўчых тонкасьцяў, можа дадавацца моўны бар’ер і стэрэатыпы сярод мясцовага насельніцтва, што да ўцякачак і рэлякантак. І можна вельмі доўга і ўпарта гаварыць пра тое, як важна матываваць жанчын і падтрымліваць веру ў сябе, каб самастойна даваць рады жыцьцёвым выклікам, але часам патрэбная проста дапамога. Не матывацыйны маналёг пра тое, як вы ў яе верыце і як у яе ўсё атрымаецца, а вольны пакой у вашым доме, калі ёй няма куды пайсьці, ці сумесны паход у паліцыю, ці аплата юрыдычных паслуг, ці яшчэ што заўгодна.
Часта чалавеку важна даваць вуду, бо ў доўгай пэрспэктыве гэта больш дзейсна, але ёсць сытуацыі, калі трэба даць рыбу, каб на вуду зьявіліся сілы. І няважна, адбываецца гэта ў Беларусі ці па-за яе межамі.
Нам вельмі патрэбная салідарнасьць, якая праяўляецца ня толькі ў прыгожых словах, але і ў вельмі канкрэтных дзеяньнях. Ёсьць такі выраз, што каб выгадаваць дзіця, трэба цэлая вёска. Але каб жанчына выжыла ў грамадзтве, дзе па-ранейшаму шмат гендэрна абумоўленага гвалту, таксама трэба цэлая вёска.
І дужа хочацца, каб у кожнай з нас яна была. Тады вытрываць бясконцую барацьбу будзе хоць трошкі прасьцей.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гвалт супраць жанчын: злачынства, якое ня ведае межаў