Рада БНР на гадавіну Слуцкага збройнага чыну: «У будучыні ўлады вольнай Беларусі павінны ўзнагародзіць беларускіх абаронцаў Украіны»

Івонка Сурвіла

У гадавіну Слуцкага паўстаньня супраць бальшавікоў старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла заклікала да міжнароднага прызнаньня правоў вэтэранаў змаганьня з Крамлём і іх сем’яў і ўзнагародзіла мэдалямі добраахвотнікаў і выбітных беларусаў.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў з нагоды гадавіны Слуцкага збройнага чыну — паўстаньня ў абарону БНР у 1920 годзе, падчас якога некалькі тысячаў узброеных патрыётаў змагаліся з расейскімі бальшавіцкімі войскамі.

«Хачу сёньня папрасіць вас, каб памяталі пра ўсіх тых нашых продкаў, што аддалі жыцьцё, каб жыла Беларусь, — заклікае старшыня Рады БНР, — Наш край не загінуў дзякуючы тым з нас, якія разумелі каштоўнасьць свабоды».

Яна адзначыла, што «сёньня вельмі важна дапамагчы тым, хто са зброяй у руках абараняе ад расейскага агрэсара Ўкраіну, бо гэта адначасна і змаганьне за незалежнасьць Беларусі. Мы павінны дамагацца вызваленьня беларускіх ваяроў з расейскага палону, неадкладнага вызваленьня былога каліноўца Васіля Верамейчыка, міжнароднага прызнаньня правоў беларускіх вэтэранаў змаганьня з Крамлём і іх сем’яў. Перакананая, што ў будучыні ўлады вольнай Беларусі павінны ўзнагародзіць беларускіх абаронцаў Украіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камандзір палка Каліноўскага пракамэнтаваў сытуацыю зь Верамейчыкам і расказаў пра рэфармаваньне часткі

За асабістую адвагу, праяўленую ў баях супраць расейскіх агрэсараў ва Ўкраіне дзеля свабоды Беларусі і Ўкраіны, Івонка Сурвіла ўзнагародзіла мэдалём «За баявыя заслугі» трох байцоў групы спэцыяльнага прызначэньня батальёну «Волат». Іх імёны не апублічваюцца, як і прозьвішчы трох узнагароджаных мэдалём Ордэну Пагоні асобаў, якія жывуць у Беларусі і адзначаныя за шматгадовую дзейнасьць у зьберажэньні гістарычных каштоўнасьцяў і ўшанаваньне памяці выбітных асобаў беларускай гісторыі.

Таксама мэдалём Ордэну Пагоні ўзнагародзілі палітоляга Анаіс Марэн. Да нядаўняга часу яна была спэцыяльнай дакладчыцай ААН аб правах чалавека ў Беларусі і шмат зрабіла для абароны як беларусаў, якія на Бацькаўшчыне цярпяць перасьлед за свае перакананьні, так і для тых, хто апынуўся ў вымушанай эміграцыі.

Дзень Герояў — удзельнікаў Слуцкага паўстаньня ў абарону БНР — дзесяцігодзьдзямі адзначаўся ў асяродках беларускай дыяспары ў Эўропе, на амэрыканскім кантынэнце і ў Аўстраліі ў часы, калі Беларусь была часткай СССР, дзе гісторыя змаганьня супраць бальшавіцкай акупацыі замоўчвалася. Традыцыю ўшанаваньня памяці змагароў за Незалежнасьць Беларусі пераняло і новае пакаленьне эмігрантаў, адзначаецца ў звароце Рады БНР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чужыя ў голым полі. Чаго бракуе новым эмігрантам зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Калі і як БНР цэлы месяц вяла вайну супраць Савецкай Расеі