Штрафы за летнюю гуму, новыя правілы ўтылізацыі будаўнічых адыходаў. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 сьнежня?

Лічыльнікі, ілюстрацыйнае фота

У сьнежні беларусаў чакаюць пэўныя зьмены. Свабода паглядзела, што зьменіцца зь першага дня апошняга месяца 2024 году.

Новыя падыходы пры камунальных паслугах

Урад увядзе абмежаваньні ў пераразьліку плацяжоў за некаторыя жыльлёва-камунальныя паслугі для тых, хто не жыве ў сваім жытле больш за дзесяць дзён. Размова як аб выезьдзе за мяжу, так і аб перамяшчэньні ў межах краіны. Урад вызначыў, што перагляд плацяжоў са сьнежня будзе магчымы ня больш як за тры гады (цяпер гэты тэрмін не абмежаваны). Менавіта трохгадовы тэрмін і зьяўляецца галоўным зьмяненьнем у гэтым пункце.

Савет Міністраў уводзіць новыя прынцыпы ў схему барацьбы з даўжнікамі за паслугі. Патрабаваць аплаты такім спосабам змогуць ня толькі камунальнікі, але і арганізацыі, якія займаюцца эксплюатацыяй жыльлёвага фонду (напрыклад, таварыствы ўласьнікаў). У апошнім выпадку — за карыстаньне жылым памяшканьнем.

Цяпер камунальнікі могуць адключаць карыстальнікаў ад жыльлёва-камунальных паслуг (ЖКП), калі ў іх бяз важнай прычыны ўтварылася запазычанасьць за два і больш месяцы. Перакрыць, напрыклад, ваду магчыма, калі празь пяць дзён пасьля ўручэньня няплатніку ліста з патрабаваньнем аплаты ён ня зробіць аплаты. Адмова атрымліваць ліст не дапаможа пазьбегнуць адключэньня, калі не аплаціць запазычанасьць.

З 1 сьнежня таксама ўладальнікам некаторых кватэр будуць па-новаму налічваць плацяжы за спажытыя жыльлёва-камунальныя паслугі. Зьмену ўводзяць для недзеяздольных людзей, якія стала пражываюць ва ўстановах сацыяльнага абслугоўваньня, напрыклад у сацыяльных пансіянатах.

Для гэтых людзей з 1 сьнежня ўвядуць магчымасьць аплачваць паводле ільготнага тарыфу ацяпленьне і тэхабслугоўваньне за іхныя пустыя кватэры. Пры ўмове, што там ніхто больш не зарэгістраваны. Але для гэтага іхным законным прадстаўнікам трэба зьвярнуцца ў разьлікова-даведачны цэнтар па месцы знаходжаньня жылога памяшканьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьбіраюцца падвысіць падатак на ўладальнікаў сабак

Штрафы за летнюю гуму

З 1 сьнежня кіроўцы могуць атрымаць папярэджаньне або штраф да адной базавай велічыні (40 рублёў) за язду на аўтамабілі зь летнімі шынамі. Пры паўторным затрыманьні кіроўцы на летніх шынах штраф будзе ўжо ад 2 да 5 базавых велічыняў (ад 80 да 200 рублёў).

Новыя правілы ўтылізацыі

Са сьнежня запрацуюць новыя правілы ўтылізацыі будаўнічых адыходаў. Так, сьмецьце, якое ўтвараецца падчас рамонту, пойдзе ў асобны кантэйнэр. Для гэтага будуць ставіць ёмістасьці на 6 кубамэтраў і рабіць асобныя сэкцыі на спэцыяльна адведзеных пляцоўках. З 1 сьнежня вывозіць будаўнічыя адыходы будуць паводле вызначаных тарыфаў.

У Міністэрстве жыльлёвай гаспадаркі адзначылі, што новаўвядзеньні не паўплываюць на павелічэньне выдаткаў для насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі на паўгода ўвялі ліцэнзаваньне на вываз адыходаў шкла

Скасоўваецца рэйс Ульянаўск — Менск

Авіярэйс, адкрыты расейскай кампаніяй Red Wings для палётаў паміж беларускай сталіцай і расейскім Ульянаўскам, у сьнежні скасоўваецца. Цікава пры гэтым, што рэйс запусьцілі толькі ў чэрвені, але ўжо ўвосень расейскі бок паведаміў аб праблемах зь яго фінансаваньнем. У Расеі адбылося скарачэньне дзяржаўнага субсыдаваньня шэрагу рэйсаў, у тым ліку і на менска-ўльянаўскім кірунку.

Як мінімум да сакавіка рэйсу паміж Менскам і Ўльянаўскам ня будзе, таксама ў Расеі ідуць перамовы, як захаваць рэйс у Екацерынбург. Ён таксама апынуўся пад пагрозай скасаваньня.

Пры гэтым з 16 сьнежня авіякампанія пачне лятаць у кітайскі горад Урумчы. Кошт білета ў адзін бок заяўлены ад €222, у абодва — ад €341. Час у палёце — 6 гадзін туды і 6 гадзін 40 хвілін назад. Вылеты зь Менску па панядзелках у 11:10, зваротныя рэйсы з Урумчы — у 23:20.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» запускае рэйсы ва Ўрумчы

У Менску адкрыюць тры новыя станцыі мэтро

Да адкрыцьця рыхтуюцца тры новыя станцыі Зялёналускай лініі: «Аэрадромная», «Немаршанскі сад» і «Слуцкі гасьцінец». Цяпер яны працуюць у тэставым рэжыме.

Рэгістрацыя грузавікоў у Літве

З 1 сьнежня ўводзіцца папярэдняя рэгістрацыя ў электроннай чарзе ўсіх грузавых транспартных сродкаў, якія выяжджаюць зь Літвы празь вонкавую мяжу Эўразьвязу.

Чакаецца, што гэта дапаможа разабрацца з чэргамі на літоўскай мяжы, што асабліва актуальна перад каляднымі сьвятамі.

Усе грузавікі, што едуць на памежныя пункты пропуску Меднікі/Каменны Лог, Салечнікі/Беняконі і Кібартай/Чарнышэўскае на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй, павінны будуць загадзя рэзэрваваць выбраны час перасячэньня мяжы ў інфармацыйнай сыстэме кіраваньня чаргой (EVIS). Калі не зрабіць гэтага загадзя, то на мяжы можна будзе зарэгістравацца ў пункце EVIS на найбліжэйшы даступны час.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Памежным камітэце Беларусі заявілі, што літоўскі бок спыніў афармленьне фураў на мяжы

Зьявіцца аўтобусны рэйс у Мюнхэн

Аўтобусы зь Менску ў нямецкі Мюнхэн запускае «Менсктранс». Першы рэйс адбудзецца ўжо 6 сьнежня, білет у адзін бок каштуе 450 рублёў.

Аўтобус будзе адпраўляцца з аўтавакзалу «Цэнтральны» па пятніцах у 12:00. Прыбыцьцё на мюнхэнскі аўтавакзал Hackerbrücke абяцаюць, а 14-й наступнага дня, час у дарозе складзе прыкладна 26 гадзін. Пры гэтым рэальны час у дарозе залежыць ад сытуацыі на мяжы, паколькі акрамя традыцыйна напружанага становішча на беларуска-польскай мяжы ёсьць дадатковыя праверкі на мяжы нямецка-польскай. Раней улады Нямеччыны ўвялі посты на ёй, каб прадухіляць наплыў мігрантаў, якія нелегальна трапляюць у іхную краіну якраз празь Беларусь.

Рэйс назад зь Мюнхэну ў Менск будзе па нядзелях, а 13.00 па мясцовым часе.

Аўтобус таксама будзе рабіць прыпынкі ў Бэрліне і Нюрнбэргу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі на паўгоду ўвёў ліцэнзаваньне на вываз льновалакна