У Віцебску інвэстару з Расеі прадалі гістарычны комплекс вінзавода побач з Домам-музэем Шагала

Фота будынку з сайту Віцебскага аблвыканкаму

Будынак былога вінаробнага завода на вуліцы Пакроўскай у Віцебску прадалі на аўкцыёне амаль за 136 тысяч даляраў. Да гэтага яго беспасьпяхова выстаўлялі на таргі 12 разоў, паведамілі ў Віцебскім аблвыканкаме.

Пляцоўка былога вінаробнага завода па вуліцы Пакроўскай, 7 у Віцебску некалі была адным з самых буйных вытворчых аб’ектаў Віцебскай вобласьці. Комплекс будынкаў вінаробнага завода разьмешчаны ў гістарычнай частцы горада. Па суседзтве зь ім разьмяшчаецца дом-музэй Марка Шагала.

Згодна з архіўнымі дакумэнтамі, Віцебскі вінзавод быў утвораны на аснове прадпрыемства па вытворчасьці алею, якое існавала на гэтым месцы. Яго пабудавалі ў 1898 годзе ніжагародзкі купецкі сын Лейба Шмеркаў Мнухін і віцебскі купец Абрам Лейбаў Сьвярдлін. Падчас пажару, які адбыўся 13 красавіка 1904 году будынкі згарэлі, пасьля іх аднавілі. Пазьней завод па вытворчасьці алею пераабсталявалі ў вінаробны. Завод працаваў нават падчас нямецкай акупацыі — вырабляў невялікую колькасьць віна і вады. Завод быў зьліквідаваны ў 2017 годзе.

«Да нашых дзён адміністрацыйна-гаспадарчы будынак захаваўся са значнай стратай гістарычнага віду. Асноўныя зьмены адбыліся ў пасьляваенны час. Пасьля рэканструкцыі тут зьявіліся кантора, клюб і сталовая. Будынак зьяўляецца прыкладам грамадзянскай забудовы Віцебска канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя», — гаворыцца на сайце Віцебскага аблвыканкаму.

Статус аб'екта гісторыка-культурнай каштоўнасьці 3-й катэгорыі цяпер мае толькі адміністрацыйны будынак заводу. Агульная плошча капітальных пабудоваў складае больш за 5000 кв.м.

За мінулыя гады вінзавод 12 разоў беспасьпяхова выстаўлялі на аўкцыён, але пакупнікоў на яго не знаходзілася. 25 лістапада аб’ект паўторна выставілі на аўкцыён, са зьніжэньнем цаны на 80%. У выніку за 462 тысячы рублёў былы вінаробны завод набыў інвэстар з Расеі.

Паводле Віцебскага аблвыканкаму, інвэстар плянуе аднаўленьне гістарычнага аблічча квартала з разьмяшчэньнем на першых паверхах памяшканьняў грамадзкага прызначэньня, а на другіх паверхах шматкватэрнага комплексу.

Новаму ўласьніку выдзелілі зямельны ўчастак плошчай амаль 2 гектары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сядзіба за 40 рублёў». Як беларускія ўлады прадаюць помнікі архітэктуры расейскім інвэстарам, а пасьля забіраюць і зноў прадаюць