Дата дня
27 лістапада 1874 году ў Моталі, што ў цяперашнім Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці, нарадзіўся Хаiм Вайцман, першы прэзыдэнт Ізраілю.
Хаім нарадзіўся ў сям’і чыноўніка, які арганізоўваў сплаў лесу, і быў у бацькоў трэцім дзіцем з 15. Сям’я пазьней пераехала ў Пінск, дзе Хаім Вэйцман скончыў Пінскую рэальную вучэльню. Пасьля ён вучыўся ў Нямеччыне, выкладаў у Жэнэве і Манчэстэры. Урэшце ўзначаліў Сусьветную сыянісцкую арганізацыю, стаў на чале нацыянальнага габрэйскага руху ў Палестыне, прадстаўляў пазыцыю сыянісцкай арганізацыі ў ААН перад прыняцьцем рэзалюцыі пра падзел Палестыны.
У 1949 годзе быў выбраны прэзыдэнтам Ізраілю, прабыў на пасадзе да сьмерці пасьля году на другім тэрміне прэзыдэнцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто з ураджэнцаў Беларусі ствараў Ізраіль. Іх больш, чым вы думаліГэты дзень у гісторыі
1095 — папа Урбан II абвясьціў Сьвятую вайну супраць ісламу на Сьвятой зямлі, што стала пачаткам Першага крыжовага паходу.
1654 — падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай расейскія войскі занялі Віцебск.
1812 — бой на Бярэзіне паміж расейскімі і францускімі войскамі падчас паходу Напалеона на Расею.
1815 — расейскі імпэратар Аляксандар I даў Канстытуцыю Царству Польскаму.
1859 — у Менску была адкрытая паштова-тэлеграфная станцыя.
1895 — Альфрэд Нобэль падпісаў свой тэстамэнт, паводле якога ягоная спадчына паступіла ў фонд Нобэлеўскай прэміі.
1920 — 27 лістапада беларусы неафіцыйна адзначаюць Дзень Герояў у гонар пачатку Слуцкага збройнага паўстаньня. 26 і 27 лістапада прайшлі першыя баі паміж беларускімі і савецкімі войскамі.
1989 — Вярхоўны Савет СССР санкцыянуе права на эканамічнае самавызначэньне Літвы, Латвіі і Эстоніі.
1996 — Аляксандрам Лукашэнкам спыненая дзейнасьць Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня.
1996 — з тэрыторыі Беларусі быў выведзены апошні эшалён зь ядзернымі ракетамі РС-12М «Топаль».
У гэты дзень нарадзіліся
1669 — нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл, канцлер ВКЛ.
1701 — Андэрс Цэльсій, швэдзкі астраном, геоляг і мэтэароляг, вынаходнік тэмпэратурнай шкалы, якая носіць яго імя.
1867 — Іван Жалтоўскі, беларускі архітэктар, акадэмік.
1900 — Рыгор Пукст, беларускі кампазытар, хормайстар.
1900 — Вячаслаў Лаўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, старшыня Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў (АБСА), сакратар Рады БНР, ахвяра сталінізму.
1903 — Піліп Пестрак, беларускі паэт, празаік, публіцыст, крытык.
1921 — Уладзімер Тарасевіч, беларускі ўніяцкі біскуп, манах-бэнэдыктынец, доктар тэалёгіі.
1929 — Норбэрт Рандаў, нямецкі славіст, беларусазнавец, перакладнік і выдавец.
1938 — Зоя Літвінава, беларуская мастачка.
1947 — Эдуард Белагураў, беларускі мастак.
1947 — Анатоль Цітоў, беларускі гісторык, геральдык.
1953 — Барыс Грабеншчыкоў, расейскі паэт і музыка.
У памяці
1895 — Аляксандар Дзюма-сын, францускі пісьменьнік.
1932 — Дамінік Сямашка, польскі, беларускі і літоўскі палітычны дзяяч. Выступаў за аднаўленьне ВКЛ у межах на 1772 год са значнай аўтаноміяй для беларусаў.
1938 — у Менску быў расстраляны Сымон Рак-Міхайлоўскі, пэдагог, публіцыст, палітык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст. і нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, вязень польскіх турмаў, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў. Аўтар музыкі да вершу Максіма Багдановіча «Зорка Вэнэра».
1973 — Мікола Дэмух, удзельнік паваеннага збройнага антысавецкага Супраціву 1940-х, вязень савецкіх турмаў.
1990 — Восіп Любіч, францускі мастак беларускага паходжаньня.
2021 — ад каранавірусу памёр Раман Якаўлеўскі, беларускі журналіст, палітычны аналітык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: «У 1920 годзе беларусы больш за месяц змагаліся за свабоду і права жыць у вольнай краіне»