Хроніка перасьледу 26 лістапада: за камэнтары судзяць настаўніка з Баранавіч

Берасьцейскі абласны суд. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

У Берасьцейскім абласным судзе 26 лістапада распачаўся суд над 55-гадовым Мікалаем Клокам. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «прычыненьні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу» (ч. 2 арт. 216 КК). Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Працэс вядзе Андрэй Лешчанка.

Сутнасьць абвінавачаньня супраць Мікалая праваабаронцам невядомая.

Як «Вясьне» паведамілі ў BelPol, мужчына працаваў на пасадзе намесьніка дырэктара прадпрыемства па вытворчасьці кандытарскіх вырабаў ПГУП «Унівэрсал-люкс». Вядома, што Мікалай нарадзіўся ва Ўкраіне, але мае беларускае грамадзянства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 лістапада: выкладчыка ўнівэрсытэту судзяць за данаты

У Берасьці судзяць настаўніка з Баранавіч за камэнтары

53-гадовы Ігар Ільюкевіч — настаўнік фізкультуры ў СШ № 1. Яго затрымалі, меркавана, 5 чэрвеня, піша «Берасьцейская Вясна».

На «пакаяльным відэа» ад 18 чэрвеня ён казаў, што пакідаў «абразьлівыя камэнтары» пра міліцыянтаў і Лукашэнку.

Цяпер яго абвінавачваюць паводле арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»), арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь») і арт. 130 КК («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці і звады»).

Справу Ігара пачалі разглядаць 25 лістапада ў Берасьцейскім абласным судзе. Працэс вядзе судзьдзя Кацярына Груда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 лістапада: Блогера Казлова, які праз тыдзень меў выйсьці на волю, будуць зноў судзіць

Акаўнт спэцпасланьніцы Літвы па Беларусі ў «Х» прызналі «экстрэмісцкім»

Гаворка пра старонку Асты Андрыяўскене. Адпаведнае рашэньне прыняў суд Цэнтральнага раёну Менску 21 лістапада.

Таксама «экстрэмісцкі» сьпіс папоўнілі Instagram-акаунт «sveta.ben», YouTube-канал «BELPOL SHORTS & NEWS VIDEOS», старонка ў «Аднаклясьніках» «МХД – Маладыя Хрысьцiянскiя Дэмакраты», а таксама старонкі ў «Х» «Шыба», «sandra baby potato», «Treci Dotyk».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 лістапада: у Менску за ўдзел у пратэстах судзяць адразу чатыры сям’і