1450 палітычна матываваных прысудаў, выпадкі гвалту і ціску: праваабаронцы пра рэпрэсіі супраць жанчын у Беларусі

Жаночая калёнія ў Гомлі, архіўнае ілюстрацыйнае фота

У Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненьні жанчын праваабаронцы «Вясны» расказваюць пра факты палітычна матываваных рэпрэсіяў, гвалту, жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня з жанчынамі ў Беларусі.

Цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 163 жанчыны, якіх праваабарончая супольнасьць прызнала палітзьняволенымі.

За чатыры гады праваабаронцы зафіксавалі больш за 1450 вынесеных палітычна матываваных прысудаў у крымінальных справах у дачыненьні да жанчын — гэта толькі вядомыя праваабаронцам выпадкі. Рэальная лічба рэпрэсаваных жанчынаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі невядомая, адзначаюць праваабаронцы.

У Беларусі зьліквідавалі амаль усе недзяржаўныя грамадзкія арганізацыі, якія займаліся абаронай правоў жанчын, у тым ліку «Радзіславу» і адзіны прытулак для ахвяраў хатняга гвалту, «Гендарныя пэрспэктывы» і Цэнтар «Яе правы» ды інш. Такім чынам, ахвяры гвалту засталіся ў Беларусі без абароны і падтрымкі. Праект для жанчын «Girl Power Bel» быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Рэпрэсіі, гвалт, жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне зь людзьмі ў Беларусі толькі ўзмацняецца, а сытуацыя з правамі чалавека — пагаршаецца. Гэта тычыцца і жанчын, падкрэсьліваюць праваабаронцы. У дачыненьні да затрыманых у Беларусі часта ўжываюць фізычную сілу, спэцсродкі, псыхалягічны ціск, пагрозы фізычнага і сэксуальнага гвалту, а таксама пагрозы адабраньня дзяцей ці прычыненьня шкоды блізкім. Умовы ўтрыманьня ў зьняволеньні значна пагаршаюць здароўе жанчын, пры гэтым мэдыцынскую дапамогу ім не забясьпечваюць, паведамляюць праваабаронцы.

Яшчэ ў 2023 годзе Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьвярнуўся ва Ўпраўленьне Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека і праінфармаваў яго пра вядомыя выпадкі катаваньняў і жорсткага, бесчалавечнага і зьневажальнага годнасьць абыходжаньня ў дачыненьні да жанчын. На той момант агулам былі задакумэнтаваныя гісторыі 193 жанчын. 37 жанчын паведамілі канкрэтныя абставіны фізычнага гвалту падчас затрыманьня і ўтрыманьня ў камэрах.

Паводле праваабаронцаў, калі жанчыны ўспамінаюць пра затрыманьне, яны паведамляюць пра біцьцё міліцэйскім дручком па нагах, біцьцё ў становішчы лежачы на зямлі. Адной з жанчын у час пабіцьця супрацоўнік АМАПу казаў: «Гэта табе за камяні, гэта табе за кактэйлі Молатава, я навучу цябе жыць, я навучу цябе грошы атрымліваць», зьвяртаўся да яе ў множным ліку «сучыныя дзеці». Дзевяць жанчын расказалі пра ўжываньне пагрозаў сэксуальным гвалтам.

Праваабаронцы «Вясны» пастаянна атрымліваюць зьвесткі пра новыя выпадкі рэпрэсіяў і бесчалавечных адносінаў адміністрацыі гомельскай і зарачанскай жаночых калёніяў у дачыненьні да зьняволеных. Яшчэ ў пачатку сакавіка 2023 году ў гомельскай папраўчай калёніі № 4 узмацніўся ціск на зьняволеных жанчын: часта сталі праводзіць ператрусы і допыты. Жанчыны даўно не атрымліваюць лістоў, аднак паведамляецца, што іх у калёніі выклікаюць на допыты за лісты (у тым ліку і старыя), якія яны атрымалі. Асобы, якія вядуць допыт, спрабуюць даведацца, кім ім даводзяцца людзі, якія шлюць лісты. Палітзьняволеныя ўвесь час сутыкаюцца з псыхалягічным ціскам з боку супрацоўнікаў калёніі.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, у гомельскай жаночай калёніі № 4 існуе шмат пакараньняў, якія зьневажаюць чалавечыя гонар і годнасьць. Адно з такіх — зьмяшчэньне палітзьняволеных у так званую «клетку», якая знаходзіцца на вуліцы паміж жылой і вытворчай зонамі.

Увесь час знаходжання ў калёніі № 24 у Зарэччы жанчын рэгулярна зьмяшчаюць у штрафны ізалятар, у якім, па словах былых зьняволеных, нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня, паведамляюць праваабаронцы.

Палітзьняволеных пазбаўляюць спатканьняў, перадач, а таксама зьнішчаюць лісты ад сваякоў. «Вясна» расказвала, у якіх умовах утрымліваюць палітзьняволеных жанчын у калёніі для «рэцыдывістак», хто адказвае за ціск на іх і як улады працягваюць перасьледаваць ужо асуджаных жанчын.

Паводле зьвестак «Вясны», супрацоўнікі зарачанскай калёніі білі палітзьняволеную Вікторыю Кульшу, а празь некалькі галадовак у яе двойчы здараўся сардэчны прыступ. Пра зьбіваньні ў гэтай калёніі на судзе заяўляла і палітзьняволеная актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк. Паводле Паліны, у яе быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не падманвайце сябе ўзростам, адукацыяй або паходжаньнем». Сёньня — міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гвалт супраць жанчын: злачынства, якое ня ведае межаў