Міністэрства інфармацыі Беларусі забараніла 35 друкаваных выданьняў

Міністэрства інфармацыі Беларусі, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Міністэрства інфармацыі Беларусі, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Міністэрства інфармацыі склала сьпіс з 35 друкаваных выданьняў, якія, на думку чыноўнікаў, наносяць «шкоду нацыянальным інтарэсам» Беларусі, паведаміла 21 лістапада прэс-служба ведамства.

«Усе гэтыя выданьні здольныя нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам нашай краіны. Да такой высновы прыйшла Рэспубліканская камісія правядзеньня ацэнкі сымболікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі», — гаворыцца ў паведамленьні міністэрства.

Міністэрства інфармацыі падкрэсьлівае, што «ў выпадку выяўленьня фактаў распаўсюду друкаваных выданьняў, уключаных у вышэйназваны сьпіс», будзе спыняць дзеяньне пасьведчаньняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі распаўсюднікаў друкаваных выданьняў.

Сьцьвярджаецца, што сьпіс 35 забароненых выданьняў разьмешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі, але знайсьці яго журналістам не ўдалося. У сьпісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў новых кніг няма.

13 лістапада Мінінфарм запатрабаваў правесьці рэвізію друкаваных выданьняў і «з мэтай захаваньня маральных каштоўнасьцяў і традыцыяў беларускага народа» выключыць з продажу друкаваныя выданьні, распаўсюд якіх «здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі».

21 лістапада міністар інфармацыі Беларусі Марат Маркаў паскардзіўся, што ў Беларусь з Расеі «масава» паступае «вялікая колькасьць літаратуры», якая «можа быць аднесеная да экстрэмісцкай» і «супярэчыць нашым нацыянальным інтарэсам».

«На фоне прыняцьця асобных нарматыўных актаў і законаў, якія пачалі дзейнічаць у Расеі і якія паставілі абмежаваньні прапагандзе ЛГБТ, бязьдзетнасьці, нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў, пэдафіліі — уся літаратура, выдадзеная ў нашага саюзьніка, сёньня хлынула на тэрыторыю Беларусі», — заявіў чыноўнік.

Маркаў падкрэсьліў, што на сёньня сьпіс «экстрэмісцкіх і супярэчных інтарэсам краіны» матэрыялаў зьмяшчае каля 7 тысяч пазыцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэспубліканская рада па гістарычнай палітыцы заклапацілася праблемай «экстрэмісцкай» літаратуры