Былога каліноўца Верамейчыка выдалі зь Віетнаму ў Беларусь

Васіль Верамейчык, архіўнае фота

У фільме на дзяржаўным тэлеканале АНТ, у якім Захад абвінавачваюць у спробах захапіць Беларусь, паказалі кадры з былым беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне Васілём Верамейчыкам, якога пад вартай выводзяць з самалёта ў менскім аэрапорце.

Таксама ў сюжэце АНТ прапагандысты распавялі пра яшчэ аднаго «каліноўца», які знаходзіцца за кратамі ў Беларусі. Гэта Максім Ралько, які да нядаўняга часу пражываў у Польшчы. Калі і як ён трапіў у Беларусь — невядома, адзначаюць праваабаронцы.

Каардынацыйная рада Беларусі апублікавала камэнтар з нагоды затрыманьня Васіля Верамейчыка, які таксама зьяўляецца сябрам Каардынацыйнай рады. Паводле зьвестак КР, Верамейчыка затрымалі ў Хашыміне 13 лістапада. Паводле мясцовай паліцыі, у Беларусь яго экстрадавалі ўжо на наступны дзень — 14 лістапада.

«Пазьней стала вядома, што апэрацыю арганізаваў КДБ Беларусі, выкарыстаўшы ў якасьці фармальнай прычыны затрыманьня бойку», — гаворыцца ў паведамленьні Каардынацыйнай рады.

Інфармацыю раней не публікавалі ў СМІ на просьбу сваякоў і каб не прыцягваць увагу беларускіх спэцслужбаў. Пазьней стала вядома пра ператрусы, праведзеныя ў сваякоў Васіля.

«Дзіўным зьяўляецца тое, што практычна ніхто зь мясцовых адвакатаў не згаджаўся ўзяцца за гэтую справу. Тыя, хто пагадзіліся, ня здолелі атрымаць ніякай інфармацыі ад паліцыі, якая адмаўлялася даваць любыя камэнтары. Толькі 19 лістапада чалавеку на месцы ўдалося атрымаць ад паліцыі неафіцыйны адказ, што Васіля забралі і дэпартавалі ўжо на наступны дзень пасьля затрыманьня», — расказалі ў Каардынацыйнай радзе.

Як патлумачылі ў КР, Васіль Верамейчык апынуўся ў Віетнаме «ў выніку складанага зьбегу абставінаў».

«Па просьбе штабу палка Кастуся Каліноўскага, зь якім у байцоў узьнік канфлікт, Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны закрыла Васілю ўезд ва Ўкраіну. Пазьней урад Літвы забараніў яму ўезд у Эўразьвяз. Апынуўшыся ў сытуацыі, дзе магчымасьці выбару былі вельмі абмежаваныя, Васіль вырашыў часова спыніцца ў Віетнаме — краіне, якую ён добра ведаў і дзе ў яго былі сябры», — гаворыцца ў паведамленьні КР.

Васіль «Пацук» Верамейчык адслужыў у беларускім войску сем гадоў, удзельнічаў у пратэставым руху 2020 году. Пасьля пагрозы арышту эміграваў ва Ўкраіну, дзе ўступіў у полк Кастуся Каліноўскага. Быў намесьнікам «Брэста» ў батальёне «Волат», удзельнічаў у баях на поўдні і ўсходзе Ўкраіны. У красавіку 2022 году быў паранены ў Мікалаеўскай вобласьці падчас цяжкага бою, калі зь сямі байцоў выжылі толькі двое. Узнагароджаны мэдалём. У 2024 годзе выбраны ў Каардынацыйную раду ад Блёка Пракоп’ева — Ягорава і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менск замест Вільні. Расказваем, калі ваш самалёт можа сесьці ня там, дзе вы плянавалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былыя палітвязьні, актывісты, сваякі ўцекачоў. Да каго прыходзяць з арыштамі сілавікі перад выбарамі