У сталіцы Беларусі банкруцяцца два буйныя забудоўнікі — кампаніі «Захадінвэстбуд» і «Дана Астра», заўважыла «Люстэрка».
Адна з кампаній, у дачыненьні да якой распачалі вядзеньне ў справе аб банкруцтве, — «Захадінвэстбуд», вынікае з запісу ў Адзіным дзяржаўным рэестры зьвестак аб банкруцтве. Кампанія раней была падрадчыкам ЗТАА «Дана Астра» пры будаўніцтве жылога комплексу «Минск Мир».
З заявай аб банкруцтве свайго падрадчыка ў суд зьвярнулася кампанія «Дана Астра», якая з 2021 году беспасьпяхова спрабуе спагнаць з даўжніка 180 тысяч рублёў. Валодае кампаніяй «Захадінвэстбуд» Радыён Ваганаў, у суд ён не зьявіўся і, мяркуючы па ўсім, не жыве ў Беларусі. Хто кіруе кампаніяй цяпер — невядома, бо папярэдні кіраўнік паведаміў, што дамову зь ім кампанія скасавала яшчэ ў студзені 2022 году.
Падчас паседжаньня 23 кастрычніка судзьдзя пастанавіў адкрыць справу аб банкруцтве і ўвесьці ахоўны пэрыяд да 21 лістапада. Пад ахоўным пэрыядам маецца на ўвазе праверка гаспадарчым судом наяўнасьці падставаў, каб адкрыць конкурснае вядзеньне па справе аб банкруцтве.
Днямі СМІ паведамілі пра затрыманьне некалькіх ключавых фігураў з кампаніі «Дана Астра»: паводле зьвестак reform.news, у СІЗА апынуліся дырэктарка Сьвятлана Шчотка і яе намесьнік Павал Аўчароў, а таксама некалькі іншых мэнэджараў, якія працуюць з братамі Карычамі (уладальнікі кампаніі). Праблемы ў «Дана Астра» пачаліся пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка 29 сьнежня 2023 году падчас дакладу старшыні Менгарвыканкаму наконт будаўніцтва жытла ў Менску зьвярнуў увагу на «скаргі» ў адрас кампаніі «Дана Астра» і даручыў «разабрацца, чаму людзі крыўдзяцца». Пасьля гэтага забудоўніка пачалі правяраць розныя кантрольныя органы. У канцы 2020 году Dana Holdings / Dana Astra трапіла пад санкцыі Эўразьвязу за «атрыманьне выгады ад рэжыму Лукашэнкі» і за яго «падтрымку». У 2023 годзе Dana Astra прасіла ЭЗ зьняць санкцыі, але беспасьпяхова.
Другі забудоўнік, які банкрутуе, — кампанія «Галоў Індустрыя Буд». Кампанія вядомая на рынку камэрцыйнай нерухомасьці з 2013 году, яна спэцыялізавалася на праектаваньні і будаўніцтве гандлёвых цэнтраў у Менску і рэгіёнах, кіравала пабудаванымі аб’ектамі, прадавала гандлёвыя памяшканьні і здавала іх у арэнду. Так, напрыклад, кампанія пабудавала ў 2022 годзе ТРЦ GREEN TIME у Менску і плянавала да 2025 году пабудаваць ГЦ «Саляр» у Гомлі.
Заяву аб банкруцтве ў гэтым выпадку падала сама кампанія. Валодае фірмай Ільля Шылкоў, які прыняў рашэньне аб яе ліквідацыі. У працэсе высьветлілася, што кампанія вінная крэдыторам 3,2 млн рублёў, а дастатковай маёмасьці, за кошт якой можна пакрыць такую суму даўгоў, ня мае.
16 кастрычніка Эканамічны суд Менску пастанавіў адкрыць конкурснае вядзеньне — працэдуру эканамічнай неплатаздольнасьці (банкруцтва). Яе праводзяць для максымальна магчымага задавальненьня патрабаваньняў крэдытораў у пэўнай чарговасьці, абароны правоў і законных інтарэсаў даўжніка, а таксама крэдытораў і іншых асобаў у працэдуры санацыі (аздараўленьня). Калі санацыю кампаніі правесьці немагчыма або для яе няма падставаў, запускаецца ліквідацыйнае вядзеньне даўжніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд адхіліў скаргу на санкцыі сэрбскага бізнэсоўца Карыча, зьвязанага з Лукашэнкам