Дата дня
20 лістапада 2020 году ў Менску пахавалі 31-гадовага Рамана Бандарэнку. Разьвітаньне прайшло ў царкве Ўваскрасеньня Хрыстовага на вуліцы Гамарніка на поўначы Менску, непадалёк ад Курапатаў.
Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада 2020 году. Яго жорстка пабілі падчас затрыманьня на «плошчы Перамен» у Менску. Хто менавіта забіў Рамана, невядома, аднак сярод прысутных падчас нападу 11 лістапада на запісах з камэраў назіраньня пазналі экс-кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі. Фотагалерэя
У гэты дзень
1648 — вялікім князем ВКЛ і польскім каралём выбралі Яна Казімера (сына караля Жыгімонта III Вазы).
1930 — Янка Купала спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.
1945 — распачаўся судовы працэс у Нюрнбэргу над 24 ваеннымі кіраўнікамі нацысцкай Нямеччыны.
1985 — выйшла апэрацыйная сыстэма Microsoft Windows 1.0.
1995 — у Воршы паставілі помнік Уладзімеру Караткевічу.
У гэты дзень нарадзіліся
1899 — беларускі пісьменьнік, перакладчык і крытык Міхась Клімковіч, першы старшыня Саюзу пісьменьнікаў БССР (1934–1939), аўтар тэксту Дзяржаўнага гімну БССР.
1901 — Міхась Зарэцкі, беларускі пісьменьнік.
1923 — журналіст, супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода Леанід Карась, ахвяра нераскрытага забойства.
1948 — беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. Загінула ў 1988 годзе, выкінуўшыся з акна сваёй менскай кватэры.
1962 — Міхаіл Баразна, беларускі мастак, мастацтвазнаўца.
У памяці
1910 — памёр расейскі пісьменьнік Леў Талстой.
1925 — Стэфан Жаромскі, польскі пісьменьнік і публіцыст.
1950 — Леў Клейнбарт, расейскі і беларускі публіцыст, крытык, журналіст і літаратар. Дасьледнік тэндэнцыяў і кірункаў беларускага літаратурнага руху. Першы біёграф Янкі Купалы.
1985 – у Беластоку памёр Юрка Геніюш, беларускі пісьменьнік і публіцыст, сын Ларысы і Янкі Геніюшаў. Нараджэнец Зэльвы.