Новае расьсьледаваньне каманды «Бюро» расказвае, як беларускія прадпрымальнікі прадаюць у Расею мікрасхемы, якія лічацца таварамі двайнога прызначэньня, бо могуць выкарыстаныя для вытворчасьці перадавых расейскіх сыстэм высокадакладнай зброі, якія Расея ўжывае ў вайне супраць Украіны. Пераказваем асноўнае.
Беларус Сяргей Хвалько пачынаў бізнэс з гандлю электронікай у Беларусі ў 2006 годзе, а празь дзесяць гадоў разам з партнэрамі Максімам Богушам, Сяргеем Саеўцом і Дзьмітрыйсам Радкевічсам (грамадзянінам Латвіі) запусьціў завод SMD Baltic па вытворчасьці мікрасхемаў у латвійскім горадзе Даўгаўпілс. Завод мае падатковыя льготы, а таксама атрымлівае фінансавую падтрымку ад Эўразьвязу на дасьледаваньні і распрацоўкі, гаворыцца ў расьсьледаваньні.
Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну кампанія SMD Baltic публічна асудзіла ваенную агрэсію і заявіла, што перастала прымаць заказы з Расеі і Беларусі. Але расьсьледнікі высьветлілі, што беларускія ўладальнікі латвійскага заводу наладзілі таемныя пастаўкі мікрасхемаў у Расею.
Як высьветліла «Бюро», раней Сяргей Хвалько таксама зьяўляўся дырэктарам і асноўным уладальнікам беларускай кампаніі «СМД Бай». У кастрычніку 2021 году кампанія стала рэзыдэнтам беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і абяцала запусьціць там вытворчасьць электронных платаў. Праз тры месяцы пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну кампанія «СМД Бай» раптам памяняла назву на «Мікрамаўнт», а ўжо ўвосень 2022 году яна пачала пастаўкі электронікі ў Расею.
Кампаніяй «Мікрамаўнт» валодае Сяргей Хвалько разам з партнэрамі па SMD Baltic Дзьмітрыйсам Радкевічсам і Максімам Богушам, а таксама мэнэджэрам па продажах на латвійскім заводзе Павелсам Левінсам.
Кампанэнты ў «Мікрамаўнт» закупляла смаленская кампанія «Кантрактыка», адзіным уладальнікам якой зьяўляецца беларус Віталь Хацук. Паводле расьследнікаў, раней Хацук працаваў у беларускай кампаніі Хвалько і Богуша «Алсачып».
Смаленская кампанія «Кантрактыка» не раскрывае, каму прадавала беларускую электроніку, але з мытных зьвестак дасьледчыкам «Бюро» ўдалося высьветліць, што з 2023 году кліентам беларускай «Мікрамаўнт» стала пецярбургская група кампаній «Геаскан» — буйны вытворца бесьпілётнікаў у Расеі, дзе 10% належыць фонду пад брэндам «Іннапрактыка» на чале з дачкой Пуціна. «Геаскан» знаходзіцца пад санкцыямі Ўкраіны і ЗША як вытворца дронаў, якія выкарыстоўваюцца ў вайне супраць Украіны.
Мытныя зьвесткі паказалі, што зь ліпеня 2023 па чэрвень 2024 году «Мікрамаўнт» пастаўляў «Геаскану» розныя электронныя кампанэнты на 1,2 мільёна даляраў. Сярод іх — праграмуемыя кантролеры з памяцьцю, такія тавары асабліва важныя для вайсковай індустрыі Крамля, таму заходнія краіны забаранілі пастаўляць іх у Расею, адзначаюць расьсьледнікі.
Таксама беларускі «Мікрамаўнт» таксама пастаўляў электроніку для екацярынбургскай фірмы «Рэглаб», якая ўваходзіць у групу «Прасофт-Сыстэмы», яна яшчэ да вайны шчыльна супрацоўнічала з буйным расейскім вытворцам танкаў — «Уралвагонзаводам».
Акрамя гэтага, як сьцьвярджаюць расьсьледнікі, Хвалько і ягоныя партнэры зьяўляюцца аўтарамі маштабнай схемы па дастаўцы амэрыканскіх мікрасхемаў у Расею ў абыход санкцыяў.
Цалкам расьсьледаваньне «Бюро» чытайце па спасылцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць чатырох кампаній за супрацоўніцтва зь беларускімі прадпрыемствамі