У акупаваным Крыме беларуса асудзілі на 14 гадоў за «спробу забойства расейскага вайскоўца»

Прывакзальная плошча ў Севастопалі. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Прывакзальная плошча ў Севастопалі. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Джанкойскі раённы суд акупаванага Крыму прысудзіў грамадзяніну Беларусі і Ўкраіны Вячаславу Піскунову 14 гадоў калёніі строгага рэжыму і буйны штраф паводле абвінавачаньня ў няўдалай спробе падарваць расейскага вайскоўца ў ягоным аўтамабілі, паведамляе «КоммерсантЪ».

Згодна з матэрыяламі справы, 61-гадовага Вячаслава Піскунова затрымалі ў Севастопалі восеньню 2023 году па падазрэньні ў арганізацыі замаху на тэхніка групы рэглямэнту і рамонту тэхнічна-эксплюатацыйнай вайсковай часткі ВКС у Джанкоі.

Сьцьвярджаецца, што на допыце Піскуноў нібыта сказаў, што яго завэрбавалі супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ), якія, сярод іншага, даручылі яму падарваць чыгуначныя шляхі пад Севастопалем, аднак ён не пасьпеў гэтага зрабіць.

Згодна з матэрыяламі справы, беларус сказаў, што на заданьне куратараў сабраў выбуховае прыстасаваньне магутнасьцю да 0,5 кг тратылу і ўсталяваў яго пад Chevrolet Aveo вайскоўца. Яно ўзарвалася, калі ў машыне нікога не было. У хаце непадалёк на першым паверсе выбіла шыбы з вокнаў.

Як сьцьвярджаюць расейскія сілавікі, яны хутка вылічылі Піскунова, які мае ўкраінскае і беларускае грамадзянства, а таксама часовую рэгістрацыю ў Чэхіі. Сьцьвярджаецца, што падчас ператрусу ў яго знайшлі зброю і боепрыпасы: электрадэтанатары, двухкіляграмовы зарад на аснове гексагену, наган, самаробны пісталет-кулямёт і паўтары сотні розных патронаў.

Мужчыну абвінавацілі ў «замаху на забойства ў сувязі з ажыцьцяўленьнем асобаю службовай дзейнасьці, зьдзейсьненым агульнанебясьпечным спосабам з матываў палітычнай, ідэалягічнай нянавісьці і варожасьці», а таксама ў «незаконным набыцьці, захоўваньні, перавозцы і нашэньні выбуховых рэчываў, прыладаў і інш.».

Як піша «КоммерсантЪ», на судзе Піскуноў прызнаў віну і заявіў, што раскайваецца.

Суд прызначыў яму пакараньне ў выглядзе 14 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі строгага рэжыму і штраф 600 тысяч расейскіх рублёў (больш за 6000 даляраў. — РС).

Прысуд вынесьлі на мінулым тыдні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падрыў цягнікоў на БАМе, падпал электрастанцыі. Як беларусы ўдзельнічаюць у антываенным супраціве ў Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія СМІ паведамілі аб затрыманьні ў Крыме беларуса за нібыта замах на вайскоўца. У Сьледчым камітэце не камэнтуюць