Выйшла дасьледаваньне пра рэпрэсіі супраць адвакатаў у Беларусі пасьля 2020 году, 7 адвакатаў знаходзяцца за кратамі

Партрэты беларускіх адвакатаў, якія сталі палітвязьнямі. Каляж

Адвакаты — адна з трох самых уразьлівых прафэсійных групаў, што падпалі пад палітычна матываваныя рэпрэсіі з боку ўладаў Беларусі.

Пра гэта заявілі актывісты ініцыятывы «Права на абарону», якія падрыхтавалі экспэртнае дасьледаваньне «Беларусь. Крызіс адвакатуры, працяг рэпрэсій 2022–2023».

Паводле аўтараў, з восені 2020 году пад затрыманьні і арышты на розныя тэрміны падпалі ня меней за 30 адвакатаў, зь іх 10 зазналі крымінальны перасьлед, сямёра абаронцаў дагэтуль за кратамі.

Таксама, паводле дасьледаваньня, з 2020 году больш за 140 адвакатаў страцілі ліцэнзіі і амаль тры сотні былі вымушаныя самі сысьці з прафэсіі, дзясяткі беларускіх абаронцаў мусілі зьехаць з краіны, асьцерагаючыся рэпрэсій. Цяпер у Беларусі працуюць 1616 прафэсійных адвакатаў.

У вязьніцах Беларусі цяпер знаходзяцца адвакаты

  • Максім Знак (асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня),
  • Віталь Брагінец (8 гадоў),
  • Аляксандар Данілевіч (6 гадоў),
  • Анастасія Лазарэнка (6 гадоў),
  • Аляксей Бародка (6 гадоў),
  • Натальля Буракоўская, якую летась асудзілі на 3 гады зьняволеньня.
  • Юлія Юргілевіч (6 гадоў).

Абаронца Міхаіл Макараў, асуджаны на 1 год зьняволеньня, ужо адбыў пакараньне.

Паводле ініцыятывы «Права на абарону», усе асуджаныя адвакаты падпалі пад перасьлед у сувязі са сваёй прафэсійнай дзейнасьцю.

Экспэртнае дасьледаваньне выкладзенае на 46 старонках тэксту, аўтары робяць сем галоўных высноваў і даюць шэсьць рэкамэндацый.

Апошняя сярод высноваў тая, што «ў Беларусі поўнасьцю не забясьпечаныя правы на абарону, доступ да адваката, да правасудзьдзя і да эфэктыўных сродкаў прававой абароны, а значыць, дзяржава не выконвае свае абавязаньні па артыкулах 2 і 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».

Аўтары дасьледаваньня прапануюць уладам, сярод іншага, «вызваліць усіх зьняволеных адвакатаў» і «аднавіць статус адвакатаў, якія былі пазбаўленыя права практыкаваць прафэсію з 2020 году».

З поўным тэкстам дасьледаваньня «Беларусь. Крызіс адвакатуры. Працяг рэпрэсій 2022–2023» можна пазнаёміцца тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўленыя ліцэнзій адвакаты разам з праваабаронцамі стварылі для беларусаў «Віртуальнага адваката»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колесава-Гудзіліна пра ператрус у яе кватэры: «Адвакатаў перасьледуюць, нават калі яны за мяжой»