Хроніка перасьледу 30 кастрычніка: журналіста Ільяша перавялі ў СІЗА; за «экстрэмізм» судзяць былога палітвязьня

Ігар Ільяш. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Затрыманага 22 кастрычніка журналіста Ігара Ільяша перавялі ў сьледчы ізалятар № 1. З гэтай інфармацыі вынікае, што яму афіцыйна выставілі крымінальнае абвінавачаньне, паведамляе БАЖ.

Як раней сьцьвярджалі праўладныя тэлеграм-каналы, Ігара Ільяша абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкім фармаваньням» — за тое, што даваў інтэрвію незалежным СМІ, а таксама што нібыта «займаўся зборам зьвестак для замежных выведак» — даваў камэнтары ўкраінскім выданьням.

Жонку Ігара Ільяша, журналістку Кацярыну Бахвалаву, затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі пратэсту на менскай «плошчы Перамен» разам з калегай Дар’яй Чульцовай. Спачатку Кацярыну асудзілі на 2 гады калёніі за «арганізацыю або падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

У 2022 годзе над Кацярынай прайшоў новы працэс за «выдачу дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» (артыкул «Здрада дзяржаве»). Ёй прысудзілі 8 гадоў і 3 месяцы калёніі. Падчас разгляду апэляцыі ў Вярхоўным судзе фармулёўку абвінавачаньня замянілі на «шпіянаж». За што менавіта яе судзілі, дагэтуль невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 кастрычніка: затрымалі журналіста Ігара Ільяша, экс-міліцыянта завочна асудзілі на 15 гадоў

У Рэчыцы за «распаўсюд экстрэмізму» судзяць настаўніцу, у Ельску — намесьніка дырэктара школы

29 кастрычніка ў Ельску паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») судзілі Пятра Патапенку, паведамяляе «Гомельская Вясна».

Гэтыя асабістыя зьвесткі цалкам супадаюць з асабістымі зьвесткамі намесніка дырэктара сярэдняй школы № 1 гораду Ельску. Разглядаў судовы працэс судзьдзя Яўген Карнеявец. Вынік судовага пасяджэньня высьвятляецца.

А 31 кастрычніка ў Рэчыцы судзьдзя Станіслаў Іванюценка паводле таго самага артыкула Адміністрацыйнага кодэксу будзе судзіць настаўніцу ангельскай мовы сярэдняй школы № 4 Вольгу Герус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 кастрычніка: суд у Магілёве за «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі» і «здраду дзяржаве»

70-гадовага былога палітвязьня будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму»

Аляксандра Патапава зь вёскі Хатоля Віцебскай вобласьці затрымалі ў канцы жніўня 2022 году ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў камэнтарах у «Аднаклясьніках».

Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменьніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур’ёзна параненая. Пасьля гэтага, 8 і 16 ліпеня 2022 году, Патапаў разьмясьціў у сацыяльнай сетцы два камэнтары, якія экспэртыза палічыла «абразьлівымі». Пазьней мужчыну асудзілі на 2 гады калёніі.

Пэнсіянэра вызвалілі гэтай вясной пасьля адбыцьця тэрміну.

Аднак 31 кастрычніка Патапава зноў будуць судзіць у судзе Віцебскага раёну. Мужчыну абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).

Судзіць будзе Міхаіл Зубеня, паведамляюць віцебскія праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 кастрычніка: у Пінску яшчэ дваіх судзяць за пратэсты 2020 года