У Беларусь зь візытам прыехаў кіраўнік МЗС Сырыі. Менск рыхтуецца да канфэрэнцыі аб эўразійскай бясьпецы

МЗС Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

31 кастрычніка ў Менску адкрыецца міжнародная канфэрэнцыя ў эўразійскай бясьпецы, на якую ўлады Беларусі запрасілі каля 600 удзельнікаў.

У Менск прыбыў міністар замежных спраў Сырыі Басам аль-Сабаг.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, у часе свайго працоўнага візыту ён правядзе сустрэчу з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым і возьме ўдзел у другой менскай Міжнароднай канфэрэнцыі аб эўразійскай бясьпецы.

На сустрэчы ў верасьні на палях 79-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку Рыжанкоў і Сабан абмеркавалі праекты ў аднаўленьні інфраструктуры і эканомікі Сырыі, аздараўленьне сырыйскіх дзяцей у Беларусі, а таксама ўзаемную падтрымку ў міжнародных арганізацыях і сытуацыю ў рэгіёне.

Разам супрацьдзейнічаць санкцыям заходніх краін

Пасьля сваёй сустрэчы кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Сырыі падпісалі заяву «аб шляхах і сродках супрацьдзеяньня, зьмякчэньня і пераадоленьня наступстваў аднабаковых прымушальных захадаў».

«Санкцыі — гэта ня толькі і ня столькі нейкія абмежаваньні, але гэта час новых магчымасьцяў. І гэтыя магчымасьці мы гатовыя рэалізоўваць з нашымі сябрамі з Сырыі», — сказаў Максім Рыжанкоў.

Міністар замежных спраў Сырыі Басам Сабаг адзначыў, што ў часе сустрэчы абмеркавалі «ўмяшальніцтва калектыўнага Захаду ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаў», а таксама сытуацыю на Блізкім Усходзе.

«Мы таксама падкрэсьлілі роль Расеі і Беларусі ва ўсталяваньні міру і парадку ў Эўразіі», — дадаў кіраўнік МЗС Сырыі.

На якім самалёце прыляцеў кіраўнік МЗС Сырыі

Канал «Мотолько Помоги» паведаміў, што сырыйскі міністар прыбыў у Беларусь на самалёце Airbus A320-232 (YK-BAC) сырыйскай авіякампаніі Cham Wings Airlines, якая раней неаднаразова перавозіла мігрантаў у Беларусь.

Згодна з паведамленьнем, раней гэты ж самалёт прылятаў у Менск 18 кастрычніка; як мяркуецца, тады на ім прыяжджала група, якая рыхтавала візыт міністра замежных спраў Сырыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод мігрантаў, якія пранікаюць у Польшчу празь Беларусь, пераважаюць прадстаўнікі Ўсходняй Афрыкі і Сырыі

Паводле зьвестак каналу, самалёт Airbus A320-232 (YK-BAC) раней належаў Magic Air (Gambia) Company Limited і пераганяўся ў Менск з Стамбулу для продажу сырыйскай авіякампаніі.

У Менску чакаюць каля 600 удзельнікаў канфэрэнцыі па эўразійскай бясьпецы

31 кастрычніка ў Менску адкрыецца міжнародная канфэрэнцыя ў эўразійскай бясьпецы, на якую ўлады Беларусі запрасілі каля 600 удзельнікаў. Раней у МЗС Беларусі паведамлялі, што запрашэньні накіравалі «высокапастаўленым госьцям з усёй Эўразіі, прадстаўнікам краін АБСЭ, СНД, ШАС, кіраўнікам шэрагу міжнародных арганізацый і экспэртам».

Беларусі бок раней анансаваў удзел у гэтай канфэрэнцыі міністра замежных спраў Вугоршчыны Пэтэра Сіярта, расейскага міністра Сяргея Лаўрова і сырыйскага міністра Басама аль-Сабага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан едзе ў пасьлявыбарную Грузію. У Брусэлі заявілі, што яму не давалі паўнамоцтваў ад ЭЗ