З прыходам да ўлады бальшавікоў у 1917 годзе ў Беларусі пачаліся масавыя рэпрэсіі, якія скончыліся пасьля сьмерці Сталіна ў 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад рэпрэсіі падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ Беларусі дагэтуль не адкрыў архівы.
Расстрэл у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 стаў самым трагічным пунктам хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Найстарэйшаму са 108 расстраляных тады, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў. А самымі маладымі загінулі паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 гадоў), крытык Пятро Хатулёў і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (ім было па 25).
Як адзначалі «Ноч паэтаў» у мінулым
У 2017 годзе, да 80-х угодкаў тае кастрычніцкае ночы, музычны партал TuzinFM стварыў альбом «(Не)расстраляная паэзія» на вершы забітых паэтаў. Гэта быў умоўны топ-18 паэтаў і іхныя выбраныя творы, пакладзеныя на музыку.
З таго ж 2017 году ва ўрочышчы Курапаты тры гады запар грамадзкія актывісты, літаратары і музыкі ладзілі акцыю «Ноч расстраляных паэтаў». Маліліся за Беларусь каля Крыжа пакут, зачытвалі прозьвішчы рэпрэсаваных, дэклямавалі вершы творцаў, якія пацярпелі ад савецкай сыстэмы.
Каля будынка КДБ у цэнтры Менску людзі ўтваралі «Ланцуг памяці», стаялі ў ім з запаленымі зьнічамі, успамінаючы ахвяр. Таксама наведвалі месцы іншых расстрэлаў — Лошыцу, парк Чалюскінцаў, Кальварыйскія могілкі.
Пасьля 2020 году ладзіць у Беларусі такія акцыі стала немагчыма праз рэпрэсіі беларускіх уладаў.
Ужо чацьвёрты год запар акцыі памяці «Ноч расстраляных паэтаў» праходзяць па-за межамі Беларусі — да іх далучаюцца людзі ў розных гарадах Літвы, Польшчы, Грузіі, Амэрыкі і іншых краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пройдзе «Ноч расстраляных паэтаў». Расклад падзей за межамі БеларусіНаклады па 100–300 асобнікаў
Творы рэпрэсаваных літаратараў выдаюцца ў Беларусі даволі рэдка, гаворыць літаратуразнаўца ў размове са Свабодай (у мэтах бясьпекі ён просіць не называць ягонага імя. — РС).
Па словах экспэрта, быў невялікі ўсплёск у 2017 годзе, менавіта да 80-й гадавіны той ночы. Літаратуразнаўца таксама прыгадвае, што ў 2021 годзе ў выдавецтве «Янушкевіч» выйшла кніга «(Не)расстраляныя».
«Гэта грунтоўнае выданьне, у якім больш за 400 старонак. Апавядаецца пра 18 асобаў, сярод іх Цішка Гартны, Вацлаў Ластоўскі, Міхась Чарот, Мойшэ Кульбак, Міхась Зарэцкі. Некаторыя матэрыялы былі апублікаваныя ўпершыню. Але наклад кнігі быў зусім маленькі — усяго ў 100 асобнікаў — і разышоўся імгненна», — кажа літаратуразнаўца.
У Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка» можна набыць кнігу Мойшэ Кульбака «Зэлмэняне» ў перакладзе на беларускую мову Сяргея Шупы.
Што да Беларусі, у «Белкнізе» ёсьць у продажы кнігі рэпрэсаваных літаратараў мінулых гадоў выданьня, напрыклад «Выбраныя творы» Міхася Зарэцкага і Андрэя Мрыя 2017 году выданьня.
Таксама ёсьць у продажы «Раман 1920–1930 гадоў» (туды ўвайшлі творы «Драпежнікі» Янкі Нёманскага, «Праз гады» Платона Галавача, «Пустадомкі» Лукаша Калюгі, «Калі ўзыходзіла сонца» Сымона Баранавых)
У «Белкнізе» можна знайсьці зборнік «Паэзія першай паловы ХХ стагодзьдзя. Міжваенны пэрыяд». Гэта вершы рэпрэсаваных паэтаў Анатоля Вольнага, Алеся Дудара, Янкі Журбы, Тодара Кляшторнага, Краўцова Макара, Юркі Лявоннага, Валерыя Маракова, Леапольда Родзевіча, Казіміра Сваяка, Юлія Таўбіна, Валянціна Таўлая, Паўлюка Труса, Міхася Чарота.
Як кажа суразмоўца Свабоды, гэтыя кнігі былі выдадзеныя ў 2017 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» даволі вялікімі накладамі.
«Таму яны ёсьць яшчэ ў продажы. Але, на жаль, выбітны, таленавіты паэт Алесь Дудар выдаваўся вельмі мала: невялікія зборнічкі выходзілі ў 1959 і 1984 гадах. Прыватнае выдавецтва «Лімарыюс» у 2017 годзе выдала том Алеся Дудара, але наклад быў усяго 300 асобнікаў. Ды і раман «Гасьцініца „Бельгія“ Ганны Севярынец пра Алеся Дудара, які выйшаў у 2019 годзе, імгненна разышоўся».
Незаслужана мала выдаюцца ў Беларусі іншыя літаратары, рэпрэсаваныя ў 1930-х: Міхась Чарот, Юлі Таўбін, Тодар Кляшторны, Валеры Маракоў, Паўлюк Трус, лічыць знаўца.
Сярэдняя школа: ёсьць празаікі Гарэцкі і Ластоўскі, няма паэта Дудара
Літаратуру першай паловы ХХ стагодзьдзя вывучаюць у 10 клясе. На базавым узроўні два ўрокі беларускай літаратуры на тыдзень у першым паўгодзьдзі і адзін урок — у другім, тлумачыць у размове са Свабодай настаўніца беларускай школы, якая назвалася Аленай (сапраўднае імя не раскрываем дзеля бясьпекі. — РС).
«Нібыта пры павышаным узроўні вывучэньня можа быць тры ўрокі беларускай літаратуры на тыдзень. Магчыма, павышаны ўзровень у Ліцэі БДУ і яшчэ некалькіх гімназіях, але я кантактую з калегамі, і ўсе яны працуюць у школах з базавым узроўнем, дзе ўрокаў так званай «белліт» катастрафічна мала. Толькі адзін урок даецца на тэму актывізацыі літаратурна-грамадзкага руху, літаратурныя аб’яднаньні «Маладняк», «Узвышша», «Полымя». Безумоўна, гэтага недастаткова, — мяркуе Алена.
Па словах суразмоўцы, яшчэ адзін урок даецца на літаратуру Заходняй Беларусі і яе сувязі з агульнанацыянальнай літаратурай. Яна акцэнтуе ўвагу на дзіўнаватай фармулёўцы.
«Знаёмімся з творчасьцю Ўладзімера Жылкі, Максіма Танка, Валянціна Таўлая. З прозы вывучаем зь дзесяціклясьнікамі „Літоўскі хутарок“ і „Дзьве душы“ Максіма Гарэцкага (на два такія складаныя творы адводзіцца 4 гадзіны), а таксама аповесьць „Лябірынты“ Вацлава Ластоўскага — два ўрокі. Гэта, прабачце, галопам, але хоць агульныя ўяўленьні, магчыма, застануцца. Прынамсі, гадоў пяць назад мы з вучнямі хадзілі на спэктакль „Дзьве душы“ ў Купалаўскі тэатар.
А вось паэзіі няма — той жа Алесь Дудар, Тодар Кляшторны ды іншыя выбітныя паэты той пары ня згадваюцца ў праграме», — кажа настаўніца беларускай літаратуры Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Хадановіч пра расстраляных паэтаў і рэпрэсіі супраць культуры ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ноч паэтаў». Як расстралялі дзеячоў беларускай культуры, кім яны былі і як іх ушаноўваюць