Хроніка перасьледу 24 кастрычніка: У Браславе за «экстрэмізм» асудзілі кіраўніка паляўнічага таварыства

Беларускі суд. Ілюстрацыйнае фота

Беларусы працягваюць ехаць з замежжа на радзіму, нягледзячы на частыя арышты тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах.

У Менску судзяць дзяўчыну, якую затрымалі пасьля вяртаньня з-за мяжы

Кацярыну Быстракову абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе паводле арт. 342 КК. Справу разглядаюць 24 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску, паведамляе «Вясна». Працэс вядзе судзьдзя Іна Сівец.

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, дзяўчына была за мяжой некалькі гадоў, але ў жніўні яе затрымалі па вяртаньні ў Беларусь. На відэа сілавікоў яе прымусілі расказаць, як ёй нібыта было цяжка ў іншых краінах сьвету, па якіх яна вандравала, таму яна «прыняла рашэньне вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, каб працягваць жыць, працаваць, разьвівацца і ствараць сям’ю на нашай беларускай зямлі». Паведамлялася, што ў яе тэлефоне знайшлі «доказы ўдзелу ў пратэсьце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 кастрычніка: затрымалі журналіста Ігара Ільяша, экс-міліцыянта завочна асудзілі на 15 гадоў

Сілавікі затрымалі інжынэра за ўдзел у пратэставых акцыях


У відэа сілавікоў затыманы кажа, што ўдзельнічаў у маршы пратэсту ў Менску 16 жніўня 2020 году, а таксама пакідаў камэнтары пра расейскую ўладу, паведамляе «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 кастрычніка: Гарадзенца судзяць за ўдзел у пратэстах

У Браславе за «экстрэмізм» асудзілі кіраўніка мясцовых паляўнічых і рыбаловаў

Як піша канал «Витебск, я гуляю», у Браславе 23 кастрычніка за «экстрэмізм» судзілі чацьвярых мясцовых жыхароў. Гаворка ідзе пра Алега Даргеля, Алега Селяха, Натальлю Баяр і Анжаліку Пілат.

Алег Селях — вядомы на Браслаўшчыне прыродазнаўца, які ў свой час узначальваў аддзел аховы жывёльнага сьвету ў Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры». Цяпер ён кіраўнік рэгіянальнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Зь сям’ёй трымае аграсядзібу «Бярэжа».

Анжаліка Пілат — выпускніца факультэту беларускай філялёгіі і культуры, якая працуе цяпер спэцыялістам ў сацыяльнай працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарбата па-браслаўску: гаспадыня раіць, як прыгатаваць смачны і карысны напой зь зёлак, кветак і ягад