У выведцы Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб гвалтоўнай сьмерці пілёта 52-га бамбавальнага авіяпалку Расеі Дзьмітрыя Галянкова.
Ва Ўкраіне расейскага пілёта абвіначваюць у сьмяротных ударах па гандлёвым цэнтры «Амстор» у Краменчуку Палтаўскай вобласьці 27 чэрвеня 2022 году (тады загінулі 22 чалавекі, дзясяткі атрымалі раненьні) і па жылым доме ў горадзе Дніпро 14 студзеня 2023 году, калі загінулі 46 цывільных, у тым ліку 6 дзяцей.
«Раніцай 20 кастрычніка 2024 году ў яблычным садзе сяла Супонева пад Бранскам у Расеі знайшлі цела ваеннага злачынца Галянкова Дзьмітрыя Ўладзіміравіча. [...] Цела расейскага ваеннага злачынцы знайшлі з шматлікімі траўмамі галавы, нанесеным, імаверна, малатком», — паведамілі ў вайсковай выведцы Ўкраіны.
У выведцы падкрэсьлілі, што «за кожнае ваеннае злачынства будзе справядлівая адплата». У той жа час у Кіеве ня ўзялі цалкам на сябе адказнасьць за ягоную гібель.
На афіцыйных крыніцах Расеі (на сайтах Сьледчага камітэту і Генэральнай пракуратуры Расеі, а таксама сацыяльных старонках Сьледчага камітэта Расеі ў Бранскай вобласьці) інфармацыя аб сьмерці Дзьмітрыя Галянкова пакуль адсутнічае.
Ва ўмовах вайна немагчыма пацьвердзціь або зьняпраўдзіць інфармацыю, якую агучваюць абодва бакі ваеннага канфлікту.
Раней украінская выведка неаднаразова паведамляла аб замахах і забойствах на тэрыторыі Расеі датычных да ваенных злачынцаў грамадзян Расеі і колішніх грамадзян Украіны.
27 кастрычніка 2023 году расейскія СМІ са спасылкай на акупацыйныя ўлады Запароскай вобласьці паведамілі аб замаху на колішняга ўкраінскага дэпутата, калябаранта Алега Царова. Яго шпіталізавалі ў цяжкім стане, але ён выжыў.
У лістападзе 2023 году акупацыйныя ўлады Луганску паведамілі аб гібелі ў выніку падрыву аўтамабіля Міхаіла Філіпоненкі, які пры акупацыйных уладах узначальваў так званую «народную міліцыю» і прадстаўніцтва самаабвешчанай «ЛНР» у Супольным цэнтры кантролю і каардынацыі прыпыненьня агню (СЦКК). Апошнім часам ён працаваў «дэпутатам» у «народным савеце».
У сьнежні 2023 году ў падмаскоўнай вёсцы Супонева застрэлілі колішняга дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ільлю Ківу. Пазьней прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў, што Ківу забілі ўкраінскія спэцслужбы.
У красавіку 2024 году на поўначы Масквы на паркоўцы каля жылога дому на Каровінскай шашы выбухнуў аўтамабіль Land Cruiser, у якім знаходзіўся колішні супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Празораў. Ён выжыў.