Пагаварылі з аўтарам пра сэнс быцьця і любімую працу, пра бунт і супрацьстаяньне асобы агрэсіўнай большасьці, недавер да папулярных твораў і мару беларускага пісьменьніка атрымаць Нобэлеўскую прэмію.
Пра сэнс быцьця і любімую працу
— Ня ўсе прыхільнікі вашай творчасьці пасьпелі прачытаць «Капітана Лятучую Рыбу», як вы прапанавалі ім яшчэ адну новую кнігу. Можна патлумачыць такі хуткі тэмп выхаду вашых твораў надзвычайнай працадольнасьцю, тым, што вы ня можаце ні дня без радка і ні году бяз кнігі? Што для вас пісьменьніцтва? Любімая праца? Сэнс быцьця? Спроба знайсьці адказы на галоўныя пытаньні штодзённасьці і данесьці іх як мага большай колькасьці патэнцыйных чытачоў?
— Калісьці даўно я прыдумаў сабе жыцьцё — і прыдумаў яго так, каб мець шмат вольнага часу і ўвесь гэты час прысьвячаць літаратуры. Пісаць і чытаць кнігі. Гэта мой спосаб размаўляць са сьветам. Дзеля гэтага многім давялося ахвяраваць, а тое, што я атрымаў, — даволі прывіднае і не вымяраецца ў вядомых людзям адзінках посьпеху і дабрабыту. І ўсё ж я ня ведаю больш цікавага занятку за літаратуру, нічога іншага ня ўмею дый, шчыра кажучы, не хачу займацца нічым іншым.
Таму сапраўды, гэта і любімая праца, і аснова маёй ідэнтычнасьці, і сэнс быцьця, і спроба знайсьці адказы, і дасьледаваньне мовы, і нешта яшчэ. Магчыма, гэтае «нешта яшчэ» завецца свабодай, магчыма, асалодай творчасьці. Пісаць кнігі — складаная інтэлектуальная задача, рашэньне якой дае ні з чым не параўнальнае задавальненьне, выводзячы аўтара ў прастору, дзе ніхто яшчэ не бываў, дазваляючы падарожнічаць па сьвеце, знаёміцца зь цікавымі людьмі і культурамі, быць адначасова акторам і рэжысэрам — і пры гэтым не пачувацца марыянэткай у чужых руках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Някляеў, Янкута, Бахарэвіч, Харэўскі і Скурко. Найлепшыя кнігі 2023 годуПра незавершаны праект чалавека і нечалавечны занятак пісьменьніка
— «Папяровы голем», так вы назвалі новую кнігу. Голем, як вядома, мітычны пэрсанаж габрэйскага фальклёру. У Бібліі ён згадваецца аднойчы і азначае літаральна «бясформенная маса» ці «недавершаная субстанцыя». А які сэнс ці мэтафару вы закладалі ў назву сваёй кнігі?
— У новай кнізе я параўноўваю сябе з такой істотай, з тым самым папяровым големам. Мой голем таксама ёсьць незавершаным праектам чалавека, у якім ролю гліны выконвае папера — то бок кнігі, літаратура, тэксты, пісьмовае слова. Літаратура цяпер у заняпадзе, яе роля і вага ўвесь час зьмяншаюцца, але менавіта яна сфармавала маё мысьленьне, мяне як асобу і мае каштоўнасьці. Голем быў створаны, каб бараніць гнаны народ, але голем можа і нашкодзіць, і забіць, ён не чалавек, ён па-за маральлю. Голем няшчасны празь веліч аўтарскай задумы — гэта страшны экспэрымэнт зь непрадказальным вынікам, гэта папярэджаньне, сыгнал трывогі. І — чыстае чарадзейства.
Мне здаецца, гэта добрая мэтафара для літаратуры і для пісьменьніка. Пісаць кнігі — нечалавечы і нечалавечны занятак, бо пісьменьнік працуе не зь людзьмі, а найперш з тэкстам. Халоднай і штучнай існасьцю, у якую трэба ўдыхнуць жыцьцё. Пісаць кнігі — значыць быць самотным, пісаць кнігі балюча, пісаць кнігі — значыць адчуваць небясьпеку. Ідэальных кніг не бывае, кожная кніга няскончаная, кропка ў канцы патрэбная аўтару толькі для таго, каб не звар’яцець. А значыць, літаратура зьяўляецца вечнай гульнёй зь незавершанасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня я ў літаратуры, а літаратура ўва мне». У новым рамане Бахарэвіча зьнік аўтарПра бунт і супрацьстаяньне аднаго чалавека агрэсіўнай большасьці
— Ваша новая кніга ня мае скразнога сюжэту і жанравай аднароднасьці. Зацемкі з нагоды, невялікія эсэі, думкі пра нейкі момант вашай экзыстэнцыі ці гістарычнай падзеі... На якога чытача вы разьлічвалі, выдаючы кнігу разрозьненых дзёньнікавых запісаў?
— Усе кароткія тэксты «Папяровага голема» злучае тэма бунту, супрацьстаяньня аднаго чалавека агрэсіўнай большасьці. Супрацьстаяньня папулізму, прымітыву, марнаслоўю, маніпулятарству, ідэалёгіям і імітацыі. Я спрабую знайсьці для гэтага максымальна ляканічную, празрыстую і выразную мову. Некаторыя тэксты новай кнігі складаюцца ўсяго з аднаго сказа...
Гэтая кніга — размова. З самім сабой, зь Юляй, з тымі, каго я люблю, каго сустрэў за пяцьдзясят гадоў. І, вядома, размова з чытачом. Мой чытач цяпер сядзіць перад акном у чужым горадзе, глядзіць на залатыя вежы гэтай восені і ня ведае, што рабіць: як уратавацца, як уратаваць тых, каго ён любіць. Нават калі за акном ягоны родны горад, нават калі нікому, здаецца, няма да яго справы... Упэўнены, ён мяне разумее, мой чытач. Бо ён таксама творца. Той, хто не баіцца рызыкаваць, той, хто вольна мысьліць, хто не чакае ад літаратуры рэцэптаў шчасьця, абязбольнага эфэкту, для каго кнігі — гэта не забава, не інструмэнт прапаганды і не падпоркі для нацыянальнай гордасьці. Той, хто згодны згуляць са мной у гэтую дзіўную гульню. Той, хто ўжо знаёмы з маёй творчасьцю і каму цікава, адкуль гэта ўсё вырасла — «Сабакі» і «Дзеці Аліндаркі», эсэ пра Купалу, казкі з «Апошняй кнігі пана А.», Нямеччына, экзыль, «экстрэмізм»... Каму цікавыя таямніцы мовы, каму цікавыя загадкі творчасьці, для каго сьвет не канчаецца ў Беларусі.
У «Папяровым големе» я пішу пра Захад і Эўропу, пра эміграцыю і літаратуру, пра крыўды і страхі, пра каханьне, нянавісьць, зайздрасьць. Пра сябе і пра іншых. Гэта вельмі асабістая кніга. Такія кнігі нельга публікаваць. І менавіта таму я вырашыў, што яна мусіць выйсьці ў сьвет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я гаваркая істота на памежжы трох моваў», — перакладчыца Марына Хоббель пра жыцьцё і творчасьць у НарвэгііПра недавер да папулярных твораў
— Ваша кніга рыхтавалася да друку яшчэ да нядаўняга абвяшчэньня рашэньня Нобэлеўскага камітэту пра новага ляўрэата (у сёлетнім выпадку ляўрэаткі) галоўнай літаратурнай прэміі. І вы, натуральна, не пасьпелі адрэфлексаваць на рашэньне пра набэлянтку, пра творы якой ужо чаго толькі не накамэнтавалі. А ваш камэнтар якім ёсьць?
— Я не чытаў ніводнага твора новай нобэлеўскай ляўрэаткі. Але не магу паўтарыць сьледам за ўсімі гэтымі шматлікімі камэнтатарамі: што гэта наагул за пісьменьніца такая, ніколі пра яе ня чуў. Нядаўна ва ўкраінскім фэйсбуку пажартавалі: маўляў, трэба скласьці пэтыцыю ў Стакгольм: давайце Нобэля толькі тым, каго мы чыталі. Пра існаваньне Хан Ган я ведаю, бачыў водгукі на яе знакаміты раман. Але, відаць, спрацавала мая даўняя нелюбоў да большасьці — я з падазрэньнем стаўлюся да папулярных твораў. Калі кніга папулярная, значыць, яна дастаткова сярэдняя, каб спадабацца большасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратурны Нобэль-2024: чаканьні й расчараваньніПра мару беларускага пісьменьніка атрымаць Нобэлеўскую прэмію
— У дзень абвяшчэньня літаратурнага Нобэля-2024 мы папрасілі знаўцаў і перакладчыкаў сусьветных шэдэўраў Яна Максімюка і Сяргея Шупу расказаць пра іх спадзяваньні і расчараваньні ад рашэньняў у Стакгольме. Абодва яны казалі і пра беларускі аспэкт, у прыватнасьці пра тое, што беларускі кандыдат яшчэ расьце, бо даюць Нобэля творцам ня першай і нават не другой маладосьці. Між іхных словаў выразна чулася, хоць і не агучвалася ваша імя. Ці самі вы марыце пра такі трыюмф?
— Беларускамоўнай літаратуры да нобэлеўскай прэміі — як да Месяца. На Захадзе ад беларускай літаратуры наагул чакаюць толькі пацьверджаньня ўласных страхаў і стэрэатыпаў. А калі гэта яшчэ і літаратура па-беларуску... Разумееце, беларускую кнігу, якой бы яна ні была, геніяльнай або бяздарнай, хутчэй за ўсё тут ня стануць чытаць — проста таму, што яна беларуская. Такое да нас стаўленьне — як да дзяцей, якім яшчэ рана нешта гаварыць даросламу сьвету, або як да нацыяналістаў. Кажу гэта як беларускамоўны аўтар, кнігі якога выходзяць на іншых мовах і рэцэнзуюцца ў нямецкіх і амэрыканскіх выданьнях. Калі ты пішаш па-беларуску, на большае спадзявацца не выпадае. Калі беларускі пісьменьнік раптам зноў атрымае Нобэля, гэта зноў будзе расейскамоўны пісьменьнік.
Як бы дзіўна гэта сёньня ні гучала, мова мае вялікае значэньне. Беларускамоўнай літаратуры не хапае перакладаў, найперш перакладаў на ангельскую. Беларусі не хапае свайго вобразу ў вялікім сьвеце. У гэтым сьвеце беларускамоўнага аўтара можа чакаць толькі адзін варыянт літаратурнай кар’еры — зь невядомага зрабіцца малавядомым. Я бачу, што сёе-тое — вельмі павольна — зьмяняецца ў лепшы бок... Але час Беларусі яшчэ не прыйшоў.
Наогул, я думаю, што чалавецтва трохі звар’яцела праз усе гэтыя ўзнагароды, мы надаём ім занадта шмат значэньня, мы занадта сур’ёзна да іх ставімся, хоць яны даўно ператварыліся ў частку масавай культуры, у такія сабе паліткарэктныя конкурсы прыгажосьці. Гэта сытуацыя, дзе літаратура наогул адступае на задні плян. У літоўцаў, напрыклад, былі вялікія пісьменьнікі і грандыёзныя раманы, пра якія на Захадзе наагул ніхто ня ведае. І ведаць ня хоча. Правілы нам дыктуе вялікі англасаксонскі сьвет. Калі яму заманецца, ён можа зірнуць на Ўсход ці на Поўдзень. На хвілінку — і гэтай хвілінкі хопіць, каб у далёкай непрыкметнай літаратурнай правінцыі здарылася нацыянальнае сьвята.
Ведаеце, ніхто з тых пісьменьнікаў, якіх я лічу сваімі настаўнікамі, якія паўплывалі на маю асобу і на мяне як аўтара, пісьменьнікаў, якіх я люблю і перачытваю, так і не атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Ні Кафка, ні Джойс, ні Набокаў, ні Гамбровіч, ні Гэрбэрт Уэлз, ні Астрыд Ліндгрэн, ні Рабэрта Баляньнё, ні Алесь Разанаў яе не атрымалі. Гэтае назіраньне супакойвае і не дае цешыць сябе ілюзіямі. Пісьменьнік мусіць пісаць добрыя кнігі, а ня думаць аб прэміях. Гэта закон. Але часам нам бывае не да законаў, праўда?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сваю гераіню я ў многім сьпісала зь сябе». Юля Цімафеева пра гісторыю стварэньня п’есы «Экстрэмісты» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Альгерд Бахарэвіч: «Беларусь — гэта Эўропа, але — згвалтаваная, нябачная, не пачутая... і поўная надзеі»