Па стане на 17 кастрычніка ў Беларусі 1292 палітвязьні, прызнаныя такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў можа быць большай.
Беларускі блогер Руслан Ліньнік ня выйшаў на волю з калёніі пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня, які скончыўся 8 кастрычніка, паведамляе «Краіна для Жыцця».
Замест вызваленьня Руслана Ліньніка перавялі ў СІЗА ў Калядзічах. У чым абвінавачваюць блогера, невядома.
Руслан Ліньнік — беларускі ютуб-блогер, аўтар аднайменнага канала, на які падпісана амаль 80 тысяч чалавек.
- Руслана Ліньніка затрымалі 20 лютага 2021 году ў Віцебску.
- 17 верасьня 2021 году суд Маскоўскага раёну Менску прыгаварыў блогера да 4 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя Юры Машкетаў прызнаў блогера вінаватым у паклёпе (артыкул 188 Крымінальнага кодэксу), паклёпе на Лукашэнку (частка 1 і 2 артыкула 367 КК), абразе Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК).
- Паводле вэрсіі сьледзтва, Руслан Ліньнік ад 17 траўня да 9 сьнежня 2020 году распаўсюджваў у інтэрнэце «заведама лжывую інфармацыю, публічна абразіў прэзыдэнта і высокапастаўленых прадстаўнікоў улады». У пераліку «абражаных» фігуруюць ужо экс-старшыня КДБ Валеры Вакульчык, былы міністар унутраных спраў Юры Караеў і ягоны намесьнік Генадзь Казакевіч, міністар абароны Віктар Хрэнін.
- На судзе Руслан Ліньнік не прызнаў віны па ўсіх агучаных артыкулах і адмовіўся даваць паказаньні. У апошнім слове ён заявіў пра ціск сілавікоў.