У Эўразьвязе адрэагавалі на заявы Польшчы аб прытулку і апублікавалі 10 пунктаў удасканаленьня міграцыйнай палітыкі

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск. Архіўнае фота

Урад Польшчы мае на мэце часова прыпыніць права людзей патрабаваць прытулку ў краіне, нават калі гэта супярэчыць як міжнароднаму праву, так і правілам Эўрапейскага зьвязу.

Але прэм’ер-міністар Дональд Туск настойвае, што не адступіць, адзначае выданьне Politico. У Варшаве гэта называюць абаронай межаў Польшчы і ЭЗ.

Раней ужо некалькі краінаў Эўразьвязу, напрыклад Вугоршчына, Італія і іншыя, пратэставалі супраць захадаў Эўразьвязу ў разьмеркаваньні мігрантаў і іншых аспэктаў мігранцкай палітыкі.

Апошнія гады Польшча, як і суседняя Літва, зазнае моцны мігранцкі ціск з боку Беларусі. Польскія ўлады, як папярэднія, так і цяперашнія, вінавацяць Аляксандра Лукашэнку ў выкарыстаньні мігрантаў як зброі. Праўда, у гэтым выпадку мова найперш пра мігрантаў з Азіі, але сытуацыя ўжо моцна адбіваецца і на беларусах, якія ўцякаюць ад рэжыму на радзіме і шукаюць прытулку ў Польшчы.

Свой памежны кантроль больш строгім зрабіла Нямеччына, а Туск заявіў, што праз Польшчу з тэрыторыі Беларусі толькі сёлета імкнуліся прайсьці 26 тысяч мігрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча плянуе часова прыпыніць права на прытулак. Латушка: мы разьлічваем на салідарнасьць зь беларусамі

Брусэль папярэдзіў, што такая палітыка несумяшчальная з агульнымі правіламі. Камісія заявіла Politico, што краіны-сябры павінны змагацца з «гібрыднымі нападамі» з боку Беларусі і Расеі «бяз шкоды для нашых каштоўнасьцяў». Туск жа ўспомніў фінскі досьвед.

«Часовае прыпыненьне хадайніцтваў аб прытулку было ўведзена ў Фінляндыі ў траўні. Гэта адказ на гібрыдную вайну, абвешчаную ўсяму ЭЗ (перш за ўсё Польшчы) рэжымамі ў Маскве і Менску, якая прадугледжвае арганізацыю масавых пераправак людзей праз нашыя межы», — адрэагаваў Туск.

Міністар юстыцыі Польшчы Адам Боднар у этэры радыё TOK FM заявіў, што Варшава зараз шукае балянсу паміж сваімі эўрапейскімі абавязаньнямі і неабходнасьцю ахоўваць свае межы.

Заявы Туска тым часам выклікалі крытыку праваабарончых ініцыятываў і непаразуменьне ў кіроўнай кааліцыі, Тускам сфармаванай. Польская сядзіба Amnesty International нагадала прэм’еру пра Жэнэўскую канвэнцыю і неад’емнае права чалавека на просьбу аб прытулку ў выпадку небясьпекі на ягонай радзіме, з чым сутыкаюцца, у прыватнасьці, тысячы беларусаў.

Старшыня Сэйму і кіраўнік партыі «Польшча 2050» Шымон Галоўня прызнаў, што права на прытулак ёсьць базавым, але пры гэтым зрабіў агаворку, што даваньне прытулку можа прыпыняцца «ў пэрыяд надзвычайнага або ваеннага становішча і пад пастаянным наглядам парлямэнту».

Крытыкі Туска ўспамінаюць, што перад выбарамі, калі той быў яшчэ ў апазыцыі, палітык моцна крытыкаваў кіроўную партыю ПіС за жорсткія захады на ўсходняй мяжы. Але калі сам Туск прыйшоў да ўлады і ўзначаліў урад, ягоная пазыцыя зьмянілася і стала таксама жорсткай.

Экспэрт ва Ўсходняй Эўропе аналітычнага цэнтру Варшаўскага інстытуту Гжэгаж Кучыньскі лічыць, што Туск хоча паказаць выбарнікам, што ён непахісны.

«Папярэдні ўрад пабудаваў загароду на мяжы і пасылаў туды паліцыю і войска. Цяперашні ўрад працягвае гэтую лінію, нягледзячы на тое, што крытыкаваў яе тады, калі быў у апазыцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 100 дзён буфэрнай зоны ў Польшчы патокі нелегальнай міграцыі зь Беларусі скараціліся амаль утрая

Ліст Эўракамісіі

14 кастрычніка старшыня Эўрапейскай камісіі Ўрзуля фон дэр Ляен накіравала ліст пра міграцыю сябрам ЭЗ. Яна нагадала, што Пагадненьне аб міграцыі і прытулку акрэсьлівае дзеяньні ў сучасных умовах і дазваляе больш эфэктыўна адказваць на выклікі. Паводле палітыка, міграцыя стала наступствамі некалькіх глябальных крызісаў, а таму працягне ўплываць на зьвяз. Яна прапанавала 10 пунктаў рэагаваньня на такія выклікі.

  • паскорыць рэалізацыю Пагадненьня аб міграцыі і прытулку;
  • працягнуць наладжваць комплексныя дачыненьні з трэцімі дзяржавамі;
  • прасоўваньне агульнага падыходу да вяртаньня (толькі 20% грамадзянаў трэціх краінаў, высланых з ЭЗ, сапраўды пакінулі яго межы);
  • павелічэньне выкарыстаньня рычагоў празь візавую і іншую палітыку;
  • барацьба з кантрабандай людзей і гандлем людзьмі;
  • процідзеяньне гібрыднай вайне і ўмацаваньне бясьпекі на межах (у гэтым пункце Беларусь называецца як «проксі» Расеі, адкуль ідуць мігранцкія пагрозы, заяўляецца пра неабходнасьць ня даць Пуціну з Лукашэнкам выкарыстаць эўрапейскія каштоўнасьці супраць самой Эўропы);
  • распрацоўваньне інавацыйных спосабаў процідзеяньня нелегальнай міграцыі;
  • вырашэньне праблем, зьвязаных з канфліктам на Блізкім Усходзе;
  • шлях наперад у Эўропу для ўкраінцаў;
  • абарона і ўмацаваньне Шэнгену.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: у Літве беларуску прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» за ранейшую працу ў кол-цэнтры «Альфа-Банку»