Зважаючы на прагназаваную траекторыю і сілу ўрагану «Мілтан», прэзыдэнт Джо Байдэн адклаў паездку ў Нямеччыну і Анголу, каб пракантраляваць меры рэагаваньня на стыхію, а таксама ліквідацыі наступстваў урагану «Гэлен». Пра зьмену плянаў прэзыдэнта ЗША паведаміла прэс-сакратарка Белага дому Карын Жан-П’ер.
Пасьля гэтага скасавалі і сустрэчу высокага ўзроўню ў фармаце Rammstein, якую меў узначаліць Байдэн.
Сустрэча ў фармаце Rammstein, якая павінна была адбыцца 12 кастрычніка, перанесеная. Новая дата вызначаецца, паведамілі Радыё Свабода тры крыніцы ў штаб-кватэры NATO.
Гэты саміт мусіў стаць першай на найвышэйшым узроўні сустрэчай групы дзяржаў, якія пастаўляюць Украіне зброю, паведаміў Голас Амэрыкі. Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Мэт’ю Мілер пацьвердзіў, што дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен ня прыме ўдзелу ў сустрэчы ў Рамштайне, бо «ён меў суправаджаць прэзыдэнта». Блінкен вярнуўся ў ЗША.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе Вашынгтон сабраў групу прыблізна з 50 краін, міністры абароны якіх рэгулярна сустракаюцца на амэрыканскай авіябазе ў Рамштайне на паўднёвым захадзе Нямеччыны, каб абмеркаваць запыты Кіева на дадатковае ўзбраеньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША ад урагану «Гэлен» загінулі больш за 225 чалавек, многія зьніклі бязь вестакСуботняя сустрэча адкрыецца ў другой палове дня выступамі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца. На сустрэчы будуць прысутнічаць прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Удзельнікі саміту плянуюць паказаць, што Захад ня зьменшыць падтрыманьне Ўкраіны і Расеі ня варта на гэта разьлічваць.
Бэрлін чакае, што ў Рамштайн прыбудуць прыкладна 20 лідэраў дзяржаваў і ўрадаў, а Зяленскі прадставіць свой «плян перамогі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША патлумачылі адмову зьбіваць расейскія ракеты над УкраінайПрадстаўнік Нямеччыны пацьвердзіў гатоўнасьць кіраўніка ўраду краіны Оляфа Шольца да перамоваў з Уладзімірам Пуціным пры ўмове, што яны адкрыюць пэрспэктывы прагрэсу на шляху да справядлівага і ўстойлівага сьвету. Разам з тым ён папярэдзіў Расею, што ёй ня трэба ўспрымаць гэтую гатоўнасьць як слабасьць.
У чэрвені Пуцін заявіў, што спыніць вайну, толькі калі Кіеў пагодзіцца саступіць Расеі ўсе чатыры рэгіёны, на якія прэтэндуе Масква, і адмовіцца ад намеру ўступіць у NATO. Кіеў адхіліў гэтыя патрабаваньні як раўназначныя капітуляцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.