У Службе занятасьці Літвы паведамілі, што зь ліпеня 2023 году колькасьць іншаземцаў, занятых на рынку працы краіны, павялічылася на 23,3 тысячы чалавек, 4,3 тысячы зь іх — беларусы.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, усяго ў Літве працуюць 138,3 тысячы грамадзян 132 краін сьвету, і яшчэ 12,2 тысячы — грамадзяне краін Эўразьвязу.
«Колькасьць расейцаў, якія працуюць у Літве, амаль не зьмянілася — у параўнаньні з 1 ліпеня мінулага году павялічылася ўсяго на 26 чалавек. Неістотна зьмянілася і колькасьць працоўных украінцаў — вырасла на 1,7 тысячы. Колькасьць беларусаў павялічылася на 4,3 тысячы», — удакладнілі ў Службе занятасьці Літвы.
У той жа час, згодна з паведамленьнем, у Літве ўдвая павялічылася колькасьць працоўных мігрантаў зь Індыі (на 2,5 тысячы), з Узбэкістану (на 3,4 тысячы чалавек), у паўтара раза з Таджыкістану (на 1,9 тысячы) і Азэрбайджану (на 1,5 тысячы).
Апроч таго, упершыню ў пералік увайшлі грамадзяне Зымбабвэ і Банглядэш.
«На 1 ліпеня ў Літве працуе больш за 200 грамадзян Зымбабвэ, а год таму іх было менш за дзесяць. У асноўным гэта кіроўцы-дальнабойшчыкі, якія ўладкаваліся на працу ў Коўне. У краіне ўжо працуюць 300 грамадзян Банглядэш, супраць 6 чалавек год таму. У асноўным гэта зваршчыкі, якія працуюць на прадпрыемствах Клайпеды», — адзначаецца ў паведамленьні.
«Многія краіны сутыкаюцца зь недахопам працоўных рук праз старэньне насельніцтва, таму працоўная міграцыя становіцца ўсё больш актыўнай. Літва не выключэньне. Іншаземцы звычайна запаўняюць вакансіі ў прафэсіях з адсутнай кваліфікацыяй і дапамагаюць вырашыць праблемы дысбалянсу на рынку працы», — падкрэсьліла кіраўніца аддзелу маніторынгу і аналізу Службы занятасьці Юргіта Зембліце.
Паводле зьвестак службы занятасьці, найбольшая колькасьць грамадзян трэціх краін працуе на сярэднекваліфікаваных работах (117,3 тысячы, або 84,8 %), зь іх большасьць — кіроўцы і апэратары мабільнай тэхнікі, апэратары стацыянарнага абсталяваньня і станкоў, мантажнікі (77 тысяч).
Доля высокакваліфікаваных работнікаў складае 13,1 тысячы грамадзян трэціх краін, якія працуюць па працоўных дагаворах. Зь іх 2 тысячы працуюць на кіроўных пасадах, 9,5 тысячы — спэцыялістамі, 1,6 тысячы чалавек — тэхнічныя работнікі і малодшыя спэцыялісты.
У чэрвені Служба занятасьці Літвы паведамляла, што ў краіне на падставе дазволаў на працу на рынку занятыя 48 600 беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы застаюцца ў лідэрах сярод іншаземных працаўнікоў у Літве