Глядзіце размову на відэа цалкам.
Тут фрагмэнт гутаркі
— Як вы памятаеце 1994 год, выбары ў Беларусі? Вы якраз тады былі Дзяржаўнай Думе Расеі. Як вы тады ўспрымалі Лукашэнку, ці бачылі ўсе пагрозы і небясьпекі?
— У 1994 годзе ў Думе яго актыўна абмяркоўвалі. Ён нават прыяжджаў у Маскву ў гэты пэрыяд. Лічылася (хадзілі чуткі), што яго падтрымліваў Чарнамырдзін. Гэта актыўна абмяркоўвалася ў кабінэтах Дзяржаўнай Думы. Ён выглядаў «кончаным ідыётам» зь ягонай гэтай прычоскай. Пэдагог, гісторык, увогуле незразумела што. Калгасьнік. Нейкая дзіўная біяграфія, зусім нямытая. Ніхто яго сур’ёзна не ўспрымаў. Многія яго ацэньвалі як аналяг Жырыноўскага. Такі папуліст, які мае закваску закарузлага савецкага гаспадарнага кіраўніка, і адначасна папуліста неймавернага, які не здаваўся моцна сур’ёзным. Здавалася, што такі чалавек да ўзурпацыі ўлады ў такім маштабе ня вельмі здольны, што ён занадта эксцэнтрычны, несурʼёзны. Яго недаацанілі, безумоўна.
Лічылася — ішлі размовы ў нас у фракцыі «Выбар Расеі» ў Дзяржаўнай Думе, — што яго Масква падтрымлівае. Чаму яны гэта рабілі, з чаго яны зыходзілі, складана сказаць. Наколькі я разумею, яго нават фінансавалі з боку, напэўна, Газпраму ці Адміністрацыі прэзыдэнта. Але тады гэта здавалася часовай зьявай. Не адразу ён праявіў сябе як такі дыктатар і ўзурпатар, здавалася, што ён доўга ля гэтай улады ня вытрымае. Такія былі памылковыя ўяўленьні.
Так часта бывае. У яго не было нейкага асаблівага бэкграўнду. Гэта адыграла такую ролю пасткі. Нельга было ацаніць. Пра Пуціна адразу было зразумела. Я лічыў, што ён выхадзец з КДБ, што сыстэма вылучыла са сваіх шэрагаў. Было разуменьне, што Ельцын шукае менавіта з выхадцаў з КДБ сабе пераемніка — Прымакоў, Сьцяпашын, усе выхадцы са спэцслужбаў. І Пуцін адпаведна. А ў гэтага не было такога бэкграўнду і здавалася, што такі чалавек ня здольны, абапіраючыся на сілавыя структуры і яшчэ нешта, узурпаваць уладу. І ў 1994 годзе гэта здавалася малаверагодным.
— А калі вы ўсьвядомілі небясьпеку гэта «экстравагантнай», як кажаце, фігуры, якую многія недаацэньвалі?
— Як толькі ён пачаў перасьледаваць журналістаў. Гісторыя з Шараметам, далей болей. Стала відавочна, што ён стаў разганяць апазыцыю, перасьледаваць яе прадстаўнікоў, распусьціў парлямэнт, прыняў новую Канстытуцыю... Гэта ўсё былі наступствы. Перасьлед журналістаў — дакладны сыгнал. Пуцін, прыйшоўшы да ўлады, адразу пачаў разганяць НТВ ды падобныя да яго мэдыя.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.