У Капыльскім раёне мясцовая газэта «Слава працы» гадамі піша пра посьпехі юнака Радаміра — прозьвішча ў яго такое ж, як і ў галоўнай рэдактаркі газэты, заўважыла «Люстэрка». Выданьне расказвае, як жыцьцё капыльскага школьніка можна адсачыць на старонках газэты дзякуючы ягонай маці.
З 2022 году пасаду галоўнай рэдактаркі ў газэце «Слава працы» займае Дзіяна Ткачэнка, раней яна была намесьніцай кіраўніцы выданьня. Першы артыкул зь яе аўтарствам журналістам удалося знайсьці за лістапад 2014 году. Ткачэнка часта піша на тэму адукацыі, некалькімі гадамі раней яна была намесьніцай дырэктаркі мясцовай гімназіі.
Напрыклад, у чэрвені 2024 году па выніках цэнтралізаванага экзамэну тры чалавекі ў Капыльскім раёне набралі 100 балаў па матэматыцы. Усе трое сталі героямі матэрыялаў газэты, але толькі пра аднаго тэкст на сайце выйшаў на дзень раней, а яго прозьвішча было напісана загалоўнымі літарамі — гэта артыкул пра Радаміра Ткачэнку, сына галоўнай рэдактаркі газэты Дзіяны Ткачэнкі, якая была аўтаркай матэрыялу пра сваё дзіця і расказвала, што «абышліся без рэпэтытараў».
Першую згадку хлопчыка ў выданьні журналістам удалося знайсьці ў 2015 годзе — тады Радаміру Ткачэнку было восем гадоў. З таго часу па «раёнцы» можна адсачыць ягонае жыцьцё, адзначае выданьне: вось пяціклясьнік Радамір расказвае, як схадзіў у цырк, а ў шостай клясе ён перамагае на раённай алімпіядзе па гісторыі, як і празь некалькі гадоў. Тры гады таму чытачы даведаліся, што Радамір Ткачэнка наведваў лягер «Эрудыт», а таксама «шмат рыхтаваўся і хваляваўся» ў сувязі з алімпіядамі.
У 2022 годзе хлопец заяўляў са старонкі сайта газэты: «Я падтрымліваю палітыку і пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі, таму што бачу: усё, што ён робіць — на карысьць Беларусі».
Летась на школьным мерапрыемстве, паводле «раёнкі», «асаблівую цікавасьць выклікаў праект дзесяціклясьніка Радаміра Ткачэнкі „Тое, да чаго варта імкнуцца“». Сын галоўнай рэдактаркі працягваў зьяўляцца ў алімпіядных зводках, часта напісаных ёю самой. У пачатку 2024 году Радамір разам з мамай стаў героем тэксту аб падзяках алімпіяднікам і іх бацькам, не абышліся бяз згадкі пра яго ні апошні званок, ні выпускны вечар, ні нават тэракт у маскоўскім «Крокусе» — у сваёй калёнцы Дзіяна Ткачэнка прыводзіла цытату сына пра тое, што «ў нашай краіне добра працуюць службы бясьпекі». Таксама сына галоўнай рэдактаркі, які скончыў 10 клясаў, згадвалі ў сувязі зь леташняй сытуацыяй з цэнтралізаваным іспытам.
Як падлічылі журналісты «Люстэрка», агулам на сайце газэты «Слава працы» Радамір Ткачэнка згадваецца больш за 20 разоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывістка БРСМ узначаліла раёнку з скандальнай рэпутацыяй. Да прыходу ў «Маяк» яна ня мела дачыненьня да прафэсійнай журналістыкі