6 ліпеня набылі сілу некаторыя палажэньні абноўленага закона «Аб дарожным руху», паведамілі БелТА ў МУС Беларусі. Зьмены тычацца парадку выдачы і абмену пасьведчаньняў кіроўцы, а таксама прыёму іспытаў на права кіраваньня транспартам.
Асноўныя зьмены:
- Больш ня трэба здаваць тэарэтычны іспыт грамадзянам Беларусі і Расеі, якія зьвернуцца ў падразьдзяленьні ДАІ для абмену правоў, выдадзеных у Расеі.
- Спрашчаецца парадак абмену замежнага пасьведчаньня кіроўцы ў выпадку яго страты.
- Уводзіцца папярэдні запіс на правядзеньне паўторнага практычнага іспыту для атрыманьня пасьведчаньня кіроўцы, калі чалавек ня здаў яго зь першай і наступнай спробы.
- Больш не патрабуецца выконваць мінімальную працягласьць выпрабаваньня ва ўмовах рэальнага дарожнага руху (пры здачы на правы кіроўцы), яго працягласьць залежыць толькі ад выкананьня абавязковых элемэнтаў.
- Для праверкі навыкаў кіраваньня матацыклам на спэцыяльнай пляцоўцы ў кіроўцы цяпер будзе магчымасьць дапусьціць адну памылку, пры гэтым экзамэн працягнецца з зыходнай пазыцыі нявыкананага элемэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі набыў моц указ, які прадугледжвае шэраг зьменаў для кіроўцаў. Што зьменіцца
Зьмены ў закон «Аб дарожным руху» былі зацьверджаныя Лукашэнкам у студзені 2024 году. Некаторыя з палажэньняў набылі моц адразу ж. Так, у выпадку праходжаньня падрыхтоўкі кіроўцамі аўтамабіляў з мэханічнай каробкай перадач іспыты могуць прымаць на транспарце як зь ёй, так і безь яе.
У канцы сакавіка 2024 году ў рамках падпісанага закону набыў сілу шэраг зьменаў для беларускіх кіроўцаў:
- Тэрмін дзеяньня правоў кіроўцы павялічылі ўдвая. Цяпер іх выдаюць на 20 гадоў (раней — на 10), прычым тэрмін іх выдачы скараціўся зь 5 да 3 працоўных дзён.
- Спрасьцілі працэдуру тэхагляду. Пры выдачы дазволу на допуск транспарту да ўдзелу ў дарожным руху больш не патрабуецца пасьведчаньне кіроўцы і страхавое пасьведчаньне.
- Дазволы на допуск да ўдзелу ў дарожным руху новых аўтамабіляў (не старэйшых за 3 гады) цяпер дзейнічаюць тры гады.
- Даведку аб рэгістрацыі аўтамабіля ў ДАІ можна атрымаць хутчэй: тэрмін зьменшылі з 10 да 7 дзён.