Першыя прэзыдэнцкія выбары ў гісторыі Беларусі называюць адзінымі дэмакратычнымі, але парушэньняў заканадаўства і спрэчных момантаў хапала і падчас іх. Расказваем пра некаторыя.
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся праз тры месяцы пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі — першы тур прайшоў 23 чэрвеня 1994 году. Было зарэгістравана шэсьць кандыдатаў. У першым туры больш за ўсіх галасоў набраў Аляксандар Лукашэнка — 44,8% (Кебіч — 17,3%). У другім туры Лукашэнка пераканаўча перамог галоўнага суперніка — 80,3%, Вячаславу Кебічу дасталося 14,2% галасоў.
Заплюшчаныя вочы ЦВК
За вылучэньне Лукашэнкі ў якасьці кандыдата на выбарах, паводле афіцыйных лічбаў, было сабрана 177 тысяч подпісаў. На ўсе парушэньні пры зборы подпісаў і недакладнасьці ў падпісных лістах Цэнтральная выбарчая камісія, якой кіраваў у той час Аляксандар Абрамовіч, проста заплюшчыла вочы.
Заяву ў ЦВК аб парушэньні Закону аб выбарах камандай Лукашэнкі падчас збору подпісаў падавала нават Магілёўская абласная выбарчая камісія. Паводле яе, у падпісных лістах няправільна былі пазначаныя месца жыхарства і месца працы кандыдата ў прэзыдэнты. Месцам жыхарства замест вёскі Рыжкавічы Шклоўскага раёну быў пазначаны сталічны гатэль «Кастрычніцкі», дзе тады жылі дэпутаты Вярхоўнага Савету падчас сэсій. Месцам працы — Вярхоўны Савет замест саўгаса «Гарадзец», дзе Лукашэнка працаваў дырэктарам.
Да таго ж на паседжаньне ЦВК Лукашэнка зьявіўся без дакумэнтаў. «Укралі ворагі», — заявіў тады будучы кандыдат. Тым ня менш Лукашэнку зарэгістравалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тлумачым. Як беларусы паверылі ЛукашэнкуСтрэлы пад Лёзнам
Як пісаў Аляксандар Фядута ў сваёй кнізе «Лукашэнка: палітычная біяграфія», «галоўным прынцыпам кампаніі 1994 году была сьвядомая хлусьня абедзьвюх вядучых камандаў. Аўтсайдэры аказаліся ці то менш прагматычнымі, ці то больш маральнымі».
Сам Фядута падчас тых выбараў акурат працаваў у лукашэнкаўскім штабе. 16 чэрвеня 1994 году, за тыдзень да першых прэзыдэнцкіх выбараў, Лукашэнка выступаў у Віцебску і позна ўвечары на машыне са сваімі паплечнікамі ехаў на начлег у Лёзна.
Паводле вэрсіі каманды кандыдата, у 23:10 на 24-м кілямэтры трасы Віцебск — Лёзна ў аўтамабіль «Мэрсэдэс», у якім ехалі Аляксандар Лукашэнка, Іван Ціцянкоў і Віктар Шэйман, двойчы стрэлілі пасажыры нявызначанага аўтамабіля, які праяжджаў побач.
«Советская Белоруссия» пісала, што «мэрсэдэс» ехаў з хуткасьцю 120 км у гадзіну, яго абагнала цёмная іншамарка. За стырном быў Ціцянкоў. Ён апусьціў галаву, рэзка затармазіў і ўбачыў, што заднія дзьверы прашытыя кулямі.
На наступны дзень завялі крымінальную справу, куратарам яе быў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Канстанцін Платонаў. На расьсьледаваньне нават выдзелілі верталёт Мінабароны. Было праведзена некалькі сьледчых экспэрымэнтаў.
Першы 17 чэрвеня зрабілі супрацоўнікі КДБ і экспэрты НКЦ МУС. У тым экспэрымэнце ўдзельнічаў і будучы міністар МУС Юры Захаранка, які прыйшоў у штаб і заявіў: «Мы прывезьлі „магілу“».
«Мэрсэдэс стаяў на месцы, стралялі ў стаячую машыну, гэта была чысьцютка разыграная інсцэніроўка», — успамінаў пра вынікі расьсьледаваньня ў сваёй кнізе Аляксандар Фядута.
21 чэрвеня пракуратура правяла паўторны сьледчы экспэрымэнт з удзелам экспэртаў-балістаў МУС, НДІ праблем крыміналёгіі, крыміналістыкі і судовай экспэртызы. Новы экспэрымэнт зноў пацьвердзіў, што страляніна з аўтамабіля, які рухаўся, пра што расказвалі паплечнікі Лукашэнкі, — фэйк. Пра гэта паведаміў і прадстаўнік КДБ на афіцыйнай прэс-канфэрэнцыі. Дарэчы, пісталета, зь якога стралялі, так і не знайшлі.
Цікава, што Лукашэнка, стаўшы прэзыдэнтам, ня стаў расьсьледаваць інцыдэнт пад Лёзнам.
«Усё, што гаварылася ў той момант супраць Лукашэнкі, у грамадзкай сьвядомасьці абарочвалася дадатковымі пунктамі апальнаму кандыдату: баяцца, паклёпнічаюць — значыць, прыстойны чалавек, яго трэба падтрымліваць», — пісаў Фядута.
«Навошта мне фэн, я ж лысы»
За два дні да выбараў па дзяржаўнай тэлевізіі ў прайм-тайм паказалі сюжэт, у якім нібыта стуардэса ўрадавага самалёта расказвае, што некалькі гадоў таму падчас візыту ў Кітай Лукашэнка скраў у яе торбу з цукеркамі, вібратарам і фэнам.
Паводле адной з вэрсій, гэтую гісторыю прыдумаў прэс-сакратар Вячаслава Кебіча — палкоўнік Уладзімер Замяталін. Сам Лукашэнка на гэтыя абвінавачаньні адказаў такім чынам: «Вось яны кажуць, што ў торбе быў фэн. Усё хлусьня! Навошта мне фэн, я ж лысы».
Парваны пінжак, сапсаваныя нагавіцы
28 чэрвеня 1994 году, ужо пасьля выхаду ў другі тур выбараў, Лукашэнка накіроўваўся ў свой кабінэт № 241 у Доме ўраду, дзе месьціўся тады Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, а ён быў старшынём часовай камісіі па вывучэньні дзейнасьці камэрцыйных структур. Супрацоўнікі аховы Дому ўраду адмовіліся яго прапускаць. Завязалася бойка каля дзьвярэй кабінэта. Як пісалі тады газэты, «да кандыдата на найвышэйшую пасаду краіны было прыменена фізычнае ўзьдзеяньне. Яму нанесьлі цялесныя пашкоджаньні ў вобласьці кісьцей рук, парвалі пінжак, сапсавалі нагавіцы».
Калі Лукашэнка быў дэпутатам, звычайна на сэсіі ён хадзіў у адным гарнітуры чорнага колеру. Хоць ягоныя маладыя паплечнікі Віктар Ганчар, Дзьмітры Булахаў, Анатоль Лябедзька выглядалі ў тыя «ліхія 1990-я» больш стылёва, мянялі пінжакі і асабліва гальштукі. З часам стала відаць, што той чорны пінжак стаў Лукашэнку ўжо цеснаваты. Увесну 1994-га яго спачатку заўважылі ў клятчастым пінжаку (казалі, што пазычыў у Ціцянкова), а потым Лукашэнка зьявіўся ў новым гарнітуры сьветла-шэрага колеру.
Газэта «Советская Белоруссия» напісала:
«Вынікам непрацяглага інцыдэнту для Лукашэнкі сталі задзірыны і драпіны, а ягоны новы сьветлы гарнітур, у якім ён апошнім часам так любіў выступаць перад выбарнікамі, прыйшоў у непрыдатнасьць».
Тагачасны рэдактар БелаПАН Вячаслаў Будкевіч расказаў сваю гісторыю. Перад выходнымі ён забраў на лецішча завастрыць два вялікія кухонныя нажы. Раніцай у плястыкавым дыплямаце прывёз нажы ў офіс і, не пасьпеўшы дастаць іх, даведаўся, што Лукашэнку не пускаюць у кабінэт. Тэрмінова паехаў з гэтым дыпляматам у Дом ураду.
«Там некалькі шэрагаў аховы, але сустракалі і паплечнікі Лукашэнкі. У дыплямат ніхто не зазірнуў. Прайшоў я ў ягоны кабінэт, а ён у парваным пінжаку і з адбіткам падэшвы бота на нагавіцах. Прыехала хуткая, здымалі пабоі... Потым будучы прэзыдэнт і ягоная сьвіта зьвярнуліся да журналістаў. Толькі тады я адчыніў дыплямат і ўбачыў два ладныя цесакі. Натуральна, было няёмка, але ўсё скончылася спакойна», — узгадваў у 2016 годзе Вячаслаў Будкевіч.
Паводле дэпутата і паплечніка Лукашэнкі Дзьмітрыя Булахава, загад не прапускаць Лукашэнку ў кабінэт нібыта даваў тагачасны міністар унутраных спраў Уладзімер Данько.
Нядопуск да дзяржаўных СМІ
Дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай узгадваў у 2016 годзе на 25-гадовым юбілеі сваёй агенцыі, як Лукашэнку не пускалі ў БелТА.
«Перад другім турам прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году Аляксандар Лукашэнка выправіўся на стадыён „Дынама“ агітаваць прадпрымальнікаў. Там я і вырашыў яго злавіць, каб дамовіцца на інтэрвію. Мы накіраваліся ў офіс БелаПАН, які арандавалі ў будынку „Фотахронікі БелТА“ на вуліцы Энгельса.
Была субота, а ў выходныя дні, каб трапіць на працоўнае месца, трэба было загадзя ўзгадніць з кіраўніцтвам БелТА сьпіс людзей, якія дапускаліся туды. Вахцёрам у той дзень працаваў пэнсіянэр, у мінулым — ахоўнік з сыстэмы МУС. Зразумела, Лукашэнкі ва ўзгодненым сьпісе не было. Вахцёр упёрся і ніяк не хацеў пускаць яго ў наш офіс. Угаворваць яго давялося доўга, але ў выніку ўсё атрымалася і зь ім, і з інтэрвію», — узгадваў заснавальнік і дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай.
«Плянка страху на нулявым узроўні»
Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў, паплечнік Аляксандра Лукашэнкі падчас першай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Анатоль Лябедзька быў адказны за Віцебскую вобласьць. Ён сьцьвярджае, што каманда Лукашэнкі была нешматлікая: Леанід Сініцын адказваў за праграму, Ціцянкоў — за адміністрацыйныя пытаньні, былі сьпікеры кшталту Віктара Кучынскага.
«У 1994-м гэта былі выбары. Не ідэальныя, не абсалютна свабодныя і сумленныя, але гэта былі сапраўдныя выбары, дзе любы кандыдат, які выканаў пэўныя стандарты і ўмовы, мог зарэгістравацца. Гэта была адметнасьць.
Гэта былі выбары зь вялікай актыўнасьцю людзей, зь вялікімі чаканьнямі. Яны былі досыць цікавыя. Таму што палітра, ідэалягічны спэктар кандыдатаў — выбар быў як у добрым рэстаране. Плянка страху была на нулявым узроўні. І ў рэгіёнах лёгка было арганізоўваць сустрэчы з кандыдатамі, чыноўнікі не байкатавалі, не стваралі перашкод», — узгадвае Анатоль Лябедзька.
Быў адзін кандыдат, Вячаслаў Кебіч, які меў адміністрацыйны рэсурс, пагаджаецца Лябедзька. Але, на яго думку, усе кандыдаты мелі доступ да выбаршчыкаў. Не было ніякіх наступстваў для ўдзельнікаў тых выбараў, ніхто не пагражаў пасадзіць іх у турму, пакараць.
Расчараваньне намэнклятурай
Па словах Лябедзькі, ужо на пачатку самой кампаніі было заўважна, што Лукашэнка як кандыдат мае вельмі моцную дынаміку прыбаўкі электаральных сымпатый. І за вельмі хуткі час ён стаў фаварытам.
«Для яго асабіста кампанія была даволі камфортная. Усе памяшканьні былі забітыя пад завязку, на вулічных сустрэчах была вялікая колькасьць людзей. Ён ствараў трэнды, і на яго быў попыт.
Быў попыт на такога Робін Гуда, бо было поўнае расчараваньне старой партыйнай намэнклятурай і зьявілася ўжо расчараваньне ад дэмакратаў. Нішу заняў Лукашэнка. „Я той, каго вы чакаеце, хто вырашыць вашы праблемы“, — казаў Лукашэнка. Яму не патрэбны быў вялікі бюджэт, не патрэбныя піяршчыкі», — дагэтуль перакананы Анатоль Лябедзька.
Усе перашкоды, нават фэйкі, кшталту стрэлаў пад Лёзнам, Лукашэнка таленавіта ператвараў у піяр. І нават тое, што рабілі ўлады, спрабуючы яго скампрамэтаваць (тая ж стуардэса з фэнам) — таксама ператваралі ў моцны піяр, кажа былы паплечнік Лукашэнкі.
«То бок такія спробы толькі дадавалі яму папулярнасьці. На той час мэдыя, грамадзтва не былі падрыхтаваныя. Пра тое, што ў ягонай сям’і было ня ўсё гладка, што ён кулаком вырашаў праблемы са сваімі падначаленымі, стала вядома ўжо пасьля выбараў. На жаль, ніхто ня мог паставіць яму дыягназ: хвароба на ўладу», — кажа Лябедзька.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьбег абставінаў, які можна было прадухіліць. Як Лукашэнка перамог на выбарах-1994 і чаму гісторыя магла пайсьці інакш