Па словах Халітава, ягоных сваякоў выкралі 28 чэрвеня. Бацька блогера зьнік, калі выйшаў са сваёй хаты ў сяле Закан-Юрт, а братоў выклікалі для гутаркі ў Грозны, з тых часоў зь імі няма сувязі. Аўтамабіль аднаго зь іх пазьней вярнулі, але пусты.
Халітаў зьвязвае ўсё гэта са сваёй нядаўняй спробай пагаварыць з дачкой кіраўніка Чачні пра выкраданьні жыхароў рэспублікі.
«У апошні час я спрабаваў высьветліць лёс выкрадзеных маладых людзей. У мяне быў нумар дачкі Кадырава Айшат (займае пасаду намесьніцы старшыні ўраду Чачні. — РС). Я патэлефанаваў з пытаньнем да яе, але яна сказала, што я памыліўся нумарам. Хоць пры праверцы ў спэцыяльных прапановах гэты нумар падпісаны менавіта яе імем», — заявіў Халітаў карэспандэнту сайта Кавказ.Реалии.
Запіс размовы, як мяркуецца, з Айшат Кадыравай блогер апублікаваў на сваім ютуб-канале, але відэагостынг яго выдаліў, бо ў кадар трапіў мабільны нумар. Калі Халітаў выклаў відэа паўторна, яму з пагрозамі, як сьцьвярджае сам блогер, ператэлефанаваў Адам Кадыраў, сын кіраўніка Чачні, вядомы па зьбіцьці Мікіты Жураўля ў СІЗА Грознага.
«Калі раней выкрадалі маіх родных, пажылога бацьку звычайна вярталі ў той жа дзень. Цяпер ён і браты адсутнічаюць вельмі доўга, ніякай інфармацыі пра іх месцазнаходжаньне няма. Раней пры выкраданьні родных кадыраўцы спрабавалі ставіць нейкія ўмовы, напрыклад, патрабавалі выдаліць канкрэтны ролік. Цяпер няма ніякіх званкоў і ўмоў», — расказаў Халітаў.
Ён асьцерагаецца, што супраць ягоных родных могуць рэалізаваць пагрозы Рамзана Кадырава аб «крэўнай помсьце» у дачыненьні да членаў сем’яў тых, каго мясцовыя ўлады западозраць у датычнасьці да тэрарызму. З такой заявай кіраўнік Чачні выступіў пасьля тэрактаў у Дэрбэнце і Махачкале.
Улады Чачні і мясцовыя праваахоўныя органы заявы Халітава аб выкраданьні ягоных сваякоў не камэнтуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Чачні Кадыраў заклікаў распраўляцца са сваімі крытыкамі за мяжой, калі іх не выдаюць у Расею ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чачні сыноў Кадырава таемна жанілі на сваячках ягоных бліжэйшых паплечнікаў