Аднак ахвочых набыць яе не знайшлося, заўважыла «Люстэрка». На таргі выставілі арыштаваную 1/7 частку адміністрацыйнага памяшканьня ў Менску, якая належыць палітвязьню Валянціну Стэфановічу.
Першы раз яе спрабавалі прадаць у красавіку гэтага году за 33,3 тысячы рублёў. Але тады пакупнікоў не знайшлося.
На другім аўкцыёне, які прайшоў 25 чэрвеня, пачатковую цану зьнізілі да 26 640 рублёў. Аднак і гэтым разам не было ахвотных набыць забраную ўладамі ў палітвязьня маёмасьць.
Раней праваабаронцы «Вясны» паведамлялі, што памяшканьне на вуліцы Ложынскай належыць яшчэ шасьці сябрам праваабарончай арганізацыі. Яно выкарыстоўвалася для правядзеньня бясплатных івэнтаў — лекцый, дыскусій, выставаў.
Раней з малатка пусьцілі іншую маёмасьць праваабаронцы. Двойчы выстаўлялі на продаж ягоны Citroen C4 Picasso 2016 году выпуску. Летась у сьнежні пачатковая цана аўто складала 37 500 рублёў, але аўкцыён не адбыўся, бо не знайшлося ўдзельнікаў. У лютым 2024 году машыну прадавалі паўторна, пры гэтым стартавую цану на яе зьнізілі да 30 тысяч рублёў. У таргах бралі ўдзел сем чалавек, у выніку мінівэн прадалі за 42 тысячы рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Стэфановіча перавялі ў ПКТ на паўгода, Фядута вярнуўся са шпіталя- Валянцін Стэфановіч — сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH).
- Затрымалі яго 14 ліпеня 2021 году. Прад’явілі абвінавачаньні па арт. 228 КК Беларусі («Кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК Беларусі («Фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
- Суд прысудзіў Стэфановічу дзевяць гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пазьней МУС дадало Валянціна ў «сьпіс экстрэмістаў».
- Са сьнежня мінулага году яго на паўгода перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу «за парушэньні».
- 23 жніўня 2023 году стала вядома, што МУС прызнала праваабарончы цэнтар «Вясна» «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- У ліпені 2023 году беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна» стаў ляўрэатам прэстыжнай прэміі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне правоў чалавека.
- У 2022 годзе старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.