Яе галоўны рэдактар Ігар Гермянчук быў дэпутатам Вярхоўнага Савету і назіраў за кампаніяй літаральна знутры. Празь некалькі гадоў пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады газэту «Свабода» забаранілі.
Газэта жыва цікавілася, як былы дырэктар саўгасу ператвараецца ў прэзыдэнта краіны, дзе і з кім ён жыве, тым часам як быт Лукашэнкі рабіўся ўсё больш экстравагантным і закрытым ад грамадзкасьці, а публічныя выказваньні па-ранейшаму агаломшвалі публіку.
Мілку на мяса пакуль не здалі
22 лістапада «Свабода» тэлефануе жонцы прэзыдэнта — зьявіліся чуткі, што карову Лукашэнкі здалі на мяса. Галіна Радзівонаўна чуткі зьняпраўдзіла, а на пытаньне карэспандэнта, ці не зьбіраецца яна пераехаць да мужа ў Менск, цьвёрда адказала: «Не!».
6 сьнежня абураны чытач «Свабоды» паведаміў, што на ўласныя вушы чуў, як Лукашэнка абразьліва выказаўся пра беларускую мову. Здарылася гэта ў Гомлі.
«Свабода» нямала пакутавала з цытатамі Лукашэнкі: то перакладала іх на беларускую мову, то выпраўляла па-расейску, то махала рукой і давала ў арыгінале, на трасянцы.
«1 сьнежня прэзыдэнт Лукашэнка, выступаючы на сэсіі Гомельскага гарсавету, патлумачыў дэпутатам, чаму ён не гаворыць па-беларуску
„Людзі, якія размаўляюць на беларускай мове, ня могуць рабіць нічога, як толькі размаўляць на беларускай мове. Таму што па-беларуску нельга выказаць нешта вялікае.
Беларуская мова — бедная мова. У сьвеце існуе толькі дзьве вялікія мовы — гэта расейская і ангельская“, — кампэтэнтна адзначыў Аляксандар Рыгоравіч.
Пасьля гэтых словаў, якія гучалі з вуснаў прэзыдэнта, мне стала няёмка і крыўдна за нашу Бацькаўшчыну. Не разумею, як можна так зьневажаць мову сваёй дзяржавы, тым больш, калі ты зьяўляесься ейным вышэйшым кіраўніком. Можна ўявіць, колькі б пратрымаліся на пасадах прэзыдэнты Францыі ці Фінляндыі, калі б хто-небудзь зь іх так абразьліва выказаўся пра мову сваёй краіны.
Леанід Епішаў, дэпутат Гомельскага гарсавету».
13 сьнежня «Свабода» згадвае пра скандальны перадвыбарны стрэл пад Лёзнам і пра скандальны перадвыбарны парваны пінжак Лукашэнкі — «Лукашэнка не атрымае кампэнсацыю».
20 сьнежня ў Вярхоўным Савеце прагучаў даклад дэпутата Антончыка пра карупцыю ў атачэньні прэзыдэнта. Працоўная група Антончыка складалася з 231 чалавека: сьледчыя, апэратыўныя работнікі, пракуроры, экспэрты, аналітыкі, падатковыя інспэктары, супрацоўнікі міністэрстваў, пяць палкоўнікаў контравыведкі. Выснова: Беларусьсю сёньня кіруюць некалькі мафіёзных кланаў: аграрны, прамысловы, чарнобыльскі і гандлёва-зьнешнеэканамічны...
Назаўтра газэты выйдуць зь белымі плямамі замест дакладу Антончыка. Надрукуе вынікі расьсьледаваньня «Свабода».
У нумары за 27 сьнежня зьявіцца і кусьлівае фота галоўнага фігуранта дакладу, падпісанае: «Сьлёзы прэзыдэнта».
«Я сёньня мыўся ў душы»
Пра дзіўны візыт Лукашэнкі ў радзільню (куды яшчэ можна пайсьці ў пераднавагодні вечар?) «Свабода» паведаміць ужо ў новым, 1995-м годзе:
«Дзяжурны доктар спрабаваў быў патлумачыць, што гэта вельмі спэцыфічнае аддзяленьне з асаблівым санітарным рэжымам і што прэзыдэнт і ягоная сьвіта не адпавядаюць правілам асэптыкі, на што Лукашэнка ўпэўнена і з годнасьцю адказаў: „Ну почему же? Я сегодня мылся в душе!“».
Наступны свой візыт Лукашэнка зрабіў у царкву — у менскі катэдральны Сьвята-Духаў сабор на сьвяточнае набажэнства Раства Хрыстовага, якое адпраўляў мітрапаліт Філарэт.
«Свабода» піша:
«Вернікаў вельмі зьдзівіла, што прэзыдэнт ня хрысьціцца, як усе. Але затое ўразіла, калі Лукашэнка выйшаў на амбон (!) і пачаў адтуль прамаўляць. Выдаў, напрыклад, такія пэрлы: „Символично, что наша страна отмечает этот праздник в начале года...“, „Мы, президент и его правительство...“, „Ваше Высокопреосвященство! Дайте общественности духовность. Остальное мы дадим сами“».
А ўвечары за сьвяточным сталом у эпархіяльнай управе Лукашэнка зноў узяў слова: «Я скажу тост, который говорю уже третий раз в этом году. Я предлагаю выпить за женщин!» — заявіў прэзыдэнт на сьвята Божага Нараджэньня.
* * *
Так завяршыліся першыя быццам бы дэмакратычныя выбары ў гісторыі Беларусі. Мала хто верыў, што пераможца дасядзіць да канца першага тэрміну. Яшчэ меней дапускалі, што гэтыя выбары — першыя і апошнія, калі народу дазвалялі выбіраць.
Ня верыў і не дапускаў гэтага і рэдактар «Свабоды» дэпутат Ігар Гермянчук. Тым ня менш ён яшчэ два гады будзе адчайна змагацца з абсурдам і спаўзаньнем краіны ў таталітарную мінуўшчыну, за што прэзыдэнт будзе ўсімі спосабамі імкнуцца зьнішчыць газэту і яго самога, публіка ўдзячна падыме наклад «Свабоды» да 100 тысяч асобнікаў, а Васіль Быкаў назаве Ігара самым гераічным рэдактарам самай гераічнай беларускай газэты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі»: «Гэта была зьдзелка з сумленьнем, хлусіць было цяжка» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Мілінкевіч у праекце «Сьведкі Лукашэнкі»: «Я не лічу, што Лукашэнка быў стаўленікам Масквы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка прайграў выбары ўжо ў 2001 годзе», — Натальля Радзіна ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі»