Міністар замежных спраў Віетнаму Буй Тхань Шон назваў Злучаныя Штаты Амэрыкі стратэгічным партнэрам яго дзяржавы. Ён заявіў пра гэта падчас візыту ў Ханой памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Усходняй Азіі і Ціхага акіяну Дэніэля Крытэнбрынка.
Візыт амэрыканскага чыноўніка адбыўся фактычна адразу пасьля візыту ў Віетнам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Кіраўнік МЗС Віетнаму падзякаваў Дзярждэпартамэнту ЗША за садзейнічаньне першай сустрэчы міністраў замежных спраў дзьвюх краін, якая адбылася ў Вашынгтоне ў сакавіку. Ён пацьвердзіў, што Віетнам працягвае лічыць ЗША стратэгічна важным партнэрам і гатовы ўзаемадзейнічаць зь імі дзеля міру, стабільнасьці, супрацоўніцтва і разьвіцьця ў рэгіёне і ва ўсім сьвеце.
Крытэнбрынк, са свайго боку, сказаў, што ЗША зацікаўлены ў падтрымцы незалежнага і моцнага Віетнаму і ў супрацоўніцтве ў любых галінах: ад гандлю і інвэстыцый да бясьпекі. Чыноўнікі абмеркавалі канкрэтныя напрамкі разьвіцьця двухбаковых адносінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Віетнам пераходзяць на бязьвізавы рэжым. Хто зможа ім скарыстаццаПрэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін наведваў Віетнам 20 чэрвеня, адразу пасьля свайго візыту ў Паўночную Карэю. Як паведамляецца на сайце Крамля, там ён сустрэўся з прэзыдэнтам Віетнаму То Ламам і шэрагам высокіх чыноўнікаў, правёў зь імі перамовы аб далейшым супрацоўніцтве.
Тады віетнамскія высокія асобы тады таксама назвалі партнэрства Віетнаму і Расеі «стратэгічным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кім Чэн Ын на сустрэчы з Пуціным заявіў, што адносіны Паўночнай Карэі і Расеі ўвайшлі ў «новы росквіт». ФОТА